Артыкулы: Кравіцкі Марцін

Кравіцкі Марцін (?—вер. 1573), пратэстанцкі рэлігійны дзеяч, пісьменнік. Месца нараджэння і атрымання адукацыі невядомы. Магчыма, К. вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Атрымаў гуманістычную адукацыю, ведаў творчасць Эразма Ратэрдамскага, гіст. творы. Служыў пісарам пры двары старасты перамышльскага, ваяводы кракаўскага, маршалка кароннага Пятра Кміты. Карыстаўся яго багатай бібліятэкай і пазнаёміўся з пісьменнікамі і вучонымі, што бывалі пры двары Кміты, асабліва зблізіўся са Станіславам Ажахоўскім. У канцы 1530-х г. К. прыняў святарства. З 1540-я г. схіляўся ў пратэстанцтва і стаў 1-м каталіцкім святаром у Польшчы, які адкрыта ўступіў у шлюб. У 1551 біскупскі суд абвясціў К. ерэтыком і пазбавіў яго касцельных годнасцей. У адказ К. адкрыта перайшоў у пратэстанцтва і стаў прапаведнікам у Пінчаве, у 1553 шукаў прытулку ў Вітэнбергу, дзе запісаўся ў мясцовы ун-т. Слухаў лекцыі Ф.Меланхтана. Тут напісаў скіраваны да караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста і шляхты твор «Хрысціянскі і жалобны напамін, абы Пана Езуса прынялі» («Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie», Магдэбург, 1554). У 1554 К. вярнуўся ў Пінчаў. Паступова перайшоў ад лютэрнства да кальвінізму. У 1555 удзельнічаў у заключэнні уніі паміж кальвіністамі Малой Польшчы і чэшскімі братамі. З 1555 пратэстанцкі міністр пры зборы ў Вадзіславі, з 1557 — у Бжэзінах і Гасліцах, пасля ў Вял. Ксёнжы, з 1561 — у Вайцэхове, адначасова суперінтэндэнт пратэстанцкіх збораў Люблінскага дыстрыкта. У пач. 1560-х г. К. перайшоў у лагер антытрынітарыяў, удзельнічаў у іх сінодах 1567—69. У 1563 пасяліўся ў Венграве, дзе быў суперінтэндэнтам збораў Падляшскага ваяв. ВКЛ, міністрам збора ў радзівілаўскім мястэчку Морды (у 1569 удзельнічаў тут у дыспуце з католікам, каралеўскім сакратаром Янам Дзмітрыем Салікоўскім). Прыкладна ў 1571 перасяліўся ў мястэчка Пескі ў Люблінскае ваяв., дзе і памёр. Галоўны палемічны твор К. — кніга «Абарона навукі праўдзівай і веры старадаўняй хрысціянскай» («Obronanaukiprawdziwejiwiarystarodawnejkrześcijańskiej», Піньчаў, 1560), якая перавыдадзена ў Вільні ў 1584 і 1604 пад назвай «Апалогія больш вялікая» («Apologiawiętsza»). Цырыяк Молер пераклаў яе на нямецкую мову («Apologia das ist Verantwertung», Вільня, 1602). Інш. палемічныя творы К. — «Вобраз і малюнак уласны Анціхрыстаў з Пісання Святога дастаткова намаляваны» («Obraz a kontrefet własny Antykrystów zpisma Św. dostateczniewymalowany», Кракаў, 1561), «Слузе вернаму Пана Езуса Хрыстуса ўкрыжаванага Станіславу Ажахоўскаму» («SłudzywierniPanaJezuChrystaukrzyżowanegoStanisławowiOrzechowskiemu», напісаны ў 1560). К. ўдзельнічаў у перакладзе Бібліі на польскую мову (Берасцейская Біблія 1563).

Творы:

Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie; Adhortatio; Obraz a kontrefet własny antykrystów / Oprac. B.Otwinowska, J.Tazbir. Warszawa, 1969.

Літаратура:

Barycz H. Marcin Krowicki: z dziejów reformacji w Polsce // Reformacja w Polsce. Kraków, 1924. T. 3.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.