Артыкулы: Кракаўскі універсітэт

Кракаўскі універсітэт, Ягелонскі універсітэт, вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы. Заснаваны 12.5.1364 у Кракаве каралём Казімірам ІІІ Вялікім. Пасля прыйшоў у заняпад, 26.7.1400 адроджаны і рэарганізаваны на ўзор Пражскага ун-та Уладзіславам ІІ (Ягайлам). Меў ф-ты: тэалагічны, юрыд., медыцынскі і вольных мастацтваў (рыхтаваў студэнтаў для паступлення на інш., вышэйшыя факультэты), 11 кафедраў. У 15—1-й пал. 16 ст. ун-т перажываў уздым, знаходзіўся пад моцным уплывам гуманізму, набыў агульнаеўрап. вядомасць як цэнтр вывучэння матэматыкі і астраноміі. У сярэдзіне 16 ст. ўзмацніўся ўплыў на ун-т каталіцкага духавенства, адукацыя набыла тэалагічна-схаластычны характар. К.у. стаў першай вышэйшай навучальнай установай, дзе атрымлівалі адукацыю выхадцы з ВКЛ. Паводле іматрыкуляцыйных запісаў, у 1400-х г. ва ун-т паступіў 1 студэнт з ВКЛ, у 1410-х г. — 13, у 1420-х — 15, у 1430-х — 3, у 1440-х — 21, у 1450-х — 15, у 1460-х — 20, у 1470-х — 38, у 1480-х — 36, у 1490-х — 39, усяго у 15 ст. — 201 чал. У 1-ю пал. 16 ст. колькасць студэнтаў з ВКЛ заставалася прыкладна на адным узроўні: у 1500-х г. — 31, у 1510-х — 32, у 1520-х — 25, у 1530-х — 52, у 1540-х — 33. З пашырэннем Рэфармацыі частка моладзі ВКЛ накіравалася ў Каралявецкі універсітэт і інш. пратэстанцкія ун-ты. У К.у. у 1550-х і 1560-х г. паступіла па 13 чал. з ВКЛ, у 1570-х — 11, у 1580-х — 5, у 1590-х — 14. Усяго ў 16 ст. з ВКЛ у К.у. паступіла 229 студэнтаў. Ад агульнай колькасці ліцвінаў, што запісаліся ў К.у. у 15 ст., 130 чал. (64,6%) прыбылі з гарадоў, у асн. з Вільні (74 чал.), Коўна (14 чал.), Гародні (7 чал.), астатнія — з сёл і мястэчак; у 16 ст. з гарадоў было 118 студэнтаў-ліцвінаў (51%). Можна меркаваць, што пераважная большасць студэнтаў — выхадцаў з ВКЛ была з мяшчанства (у т.л. Ф.Скарына), аднак праслойка шляхты пастаянна расла. Сярод студэнтаў у 15—16 ст. было некалькі Гедройцаў, Сапегаў, Радзівілаў, князёў Свірскіх і Гальшанскіх (у т.л. будучы біскуп луцкі і віленскі П.А.Гальшанскі). Магнаты ВКЛ аказвалі падтрымку К.у., сярод іх былі стараста жамойцкі М.Кезгайла, ваявода віленскі Я.Гаштольд; 2-м рэктарам ун-та ў 1401 быў выбраны князь Войдат (Ян), унук Кейстута. Упершыню навук. ступень бакалаўра выхадзец з ВКЛ атрымаў у К.у. ў 1418; за 15 ст. мелі яе 67 літвінаў. Некаторыя дасягалі ступеняў магістра і доктара. Выпускнікі К.у. адыгралі значную ролю ў культ. развіцці ВКЛ, сярод іх былі Войцех з Брудзева, П.Раізій, М.Стрыйкоўскі, Вітэлій. Пасля адкрыцця ў канцы 16 ст. Віленскай акадэміі колькасць студэнтаў з ВКЛ у К.у. значна скарацілася. У 17—18 ст. там панавала схаластыка і тэалогія. Значны ўклад у рэфармаванне К.у. на аснове ідэй Асветніцтва ў канцы 18 ст. зрабіў Г.Калантай.

Літаратура:

Dzieje Uniwersytetu Jagiellońskiego w latach 1364—1764. T. 1. Kraków, 1964;

Gospodarka i budynki Uniwersytetu Jagiellońskiego od XV do XVIII wieku. Warszawa; Kraków, 1973;

Голенченко Г.Я. Студенты Великого княжества Литовского в Краковском университете XV—XVI вв. // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;

Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990. С. 163—194;

Wójcik K. Kontakty intelektualne z Litwą. Litwini na Uniwersytecie Krakowskim // Chrzest Litwy: Geneza. Przebieg. Konsekwencje. Lublin, 1990.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.