Артыкулы: Крожы
Крожы (літ. Кражай, Kražiai, цяпер мястэчка ў Кельмескім р-не, Літоўская Рэспубліка), горад у Жамойці, на р. Кражантэ. Упершыню ўпамінаецца (у форме Crase) у лісце Міндоўга 1253 у ліку розных зямельных уладанняў, падараваных ім нямецкім рыцарам, а таксама ў аналагічным акце Міндоўга 1257 (лічыцца фальсіфікатам). З 1410 вядома Крожская воласць. З пач. 15 ст. К. валодалі Кезгайлы, таму на працягу наступнага горад быў гал. адміністрацыйным цэнтрам Жамойці (мяркуецца, што К. атрымаў ад вял. князя Вітаўта стараста жамойцкі Кезгайла Валімонтавіч). Пасля смерці Кезгайлы (1449) маёнтак К. перайшоў да яго сына Яна, які падзяліў К. паміж сваімі сынамі Станіславам і Міхалам. Каля 1545 К. сабраў Станіслаў Мікалаевіч Кезгайла, які з 1549 тытулаваўся графам «на Крожах». Пасля згасання роду Кезгайлаў (1554) К. перайшлі да Завішаў і Шэметаў, якія ў 1554 перадалі частку маёнтка Жыгімонту ІІ Аўгусту, а рэшта (у т.л. частка горада К.) перайшла да Станіслава Станіслававіча Шэмета. Сваю частку К. Жыгімонт ІІ Аўгуст у 1559 перадаў у трыманне эмігранту з Англіі герцагу Суфолк за 3676 талераў. Пры вяртанні ў Англію ў 1568 герцаг Суфолк перадаў К. Мікалаю Крыштофу Радзівілу, які атрымаў на іх прывілей ад Жыгімонта ІІ Аўгуста «на вечнасць». З гэтага часу Радзівілы — уладальнікі К. карысталіся тытулам графаў «на Крожах». Хутка пасля заснавання Жамойцкага біскупства ў К. заснаваны касцёл св. Міхала Арханёла (каля 1421, паводле дакументаў вядомы з 1478). У 1607 па запрашэнні жамойцкага біскупа М.Гедройца ў Крожах асталяваліся езуіты. З 1608 у горадзе працавала езуіцкая місія, у 1615—18 — рэзідэнцыя, з 1618 — калегіум, пад будынак каторага быў пераасталяваны радзівілаўскі замак (гл. Крожскі езуіцкі калегіум). Пры калегіуме дзейнічаў тэатр. У 1629 у К. з Варняў пераведзена духоўная семінарыя Жамойцкага біскупства (у 1742 зноў пераведзена ў Варні). У 1639 заснаваны Крожскі кляштар бенедыкцінак, пры якім у 1763 пабудаваны касцёл Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У час Паўночнай вайны 1655—60 у 1656 К. разбураны шведскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 у 1701—06 К. заняты шведскімі войскамі, у 1708 — рас. войскамі. У 1758 заснаваны дом марыявітак. У 1780 К. пацярпелі ад пажара. У 1780 кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў К. прывілей на 2 таргі ў тыдзень і 3 кірмашы ў год. У 1790 у К. 160 двароў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
B[uczyński] J. Kroże: Ichprzeszłość istanobecny. Wilno, 1872;
Brensztejn M. Teatr szkolny w Krożach na Żmudzi // Ateneum Wileńskie. 1925. R. 3. Z. 9;
Pietkiewicz K. Kieżgajłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku: Ze studiów nad rozwojem własności ziemskiej w Wielkim Księstwie Litewskim w Średniowieczu. Poznań, 1982;
Błaszczyk G. Żmudź w XVII i XVIII wieku: Zaludnienie i struktura społeczna. Poznań, 1985;
Яго ж. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Ustrój. Poznań, 1993;
Meilus E. Žemaitijos kunigaikštystės miesteliai XVII amžiaus II pusėje—XVIII amžiuje: (Raida, gyventojai, amatai, prekyba). Vilnius, 1997;
Miškinis A. Lietuvos urbanistikos paveldas ir jo vertybės. T. 3, kn. 1. Vilnius, 2004;
Міндаў, кароль Літовіі, у дакументах і сьведчаньнях / Уклад. А.Жлуткі. Мн., 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


