Артыкулы: крыве
крыве, вярхоўны язычніцкі жрэц у балцкіх народаў. Упершыню пра яго паведаміў у «Хроніцы зямлі Прускай» Пётр з Дусбурга (14 ст.), які адзначыў, што прусы мелі першасвятара К. (Criwe), што жыў у свяшчэнным месцы Ромаў (Romow) у Надровіі, але пад яго духоўнай уладай знаходзіліся таксама «літвіны і астатнія народы зямлі Лівонскай»; ён быў хавальнікам свяшчэннага агню, спальваў на патрэбу багам трэцюю частку трафеяў, меў сувязь з замагільным светам і мог прасачыць людскія лёсы. Пра К. паведамляў храніст М. фон Ярошын (14 ст.) і больш падрабязна — С.Грунаў і інш. аўтары 16 ст. Яны ўдакладняюць, што К. займаўся прадказаннямі, тлумачыў волю багоў па громе і маланцы. Атрыбут К. — крывая пáліца. Познія літоўскія паданні ведаюць Крыве-Крывайціса — жраца бога Пяркунаса ў свяцілішчы, што было ў даліне Швінтарога на месцы будучай Вільні; паводле легенды, ён быў бацькам Ліздзейкі, што прадказаў заснаванне Вільні. А.Прахаска меркаваў, што К. сярэдневяковых аўтараў быў таксама вярхоўным суддзёю, у кожнага прускага племені быў свой К. Іншыя гісторыкі адмаўлялі рэальнасць існавання К. (А.Брукнер, Г.Лаўмянскі) або падкрэслівалі яго выключную ролю ў рэлігійным і грамадскім жыцці (У.М.Тапароў). З пач. 19 ст. вядомы фальсіфікаваны акт вял. князя Альгерда, якім ён нібыта перадаў судовыя функцыі К. ў ВКЛ мясц. харужым.
Літаратура:
ProchaskaA. Czy istniał Krywe na Litwie // Kwartalnik historyczny. 1904. R.18;
Топоров В.Н. Прусский язык: Словарь. K—L. М., 1984. С. 196—205;
Rowell S.C. Lithuania ascending: A pagan empire within East-Central Europe, 1295—1345. Cambridge, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


