Артыкулы: Крыжаніч (Križanić) Юрый
Крыжаніч (Križanić) Юрый (каля 1618, г. Бiхач, Боснiя—2.9.1683), дзеяч слав. культуры, каталiцкi царк. дзеяч. Д-р багаслоўя (1642). З харвацкага шляхецкага роду. Вучыўся ў Заграбскай каталiцкай семiнарыi, Венскiм калегiуме, Балонскай венгера-харвацкай калонii, Калегiуме св. Афанасiя ў Рыме. У 1641 прапанаваў папскай Кангрэгацыi прапаганды веры план падначалення Рыму правасл. царквы ў Расii i ўвядзення там зах.-еўрапейскай сiстэмы адукацыi. У 1642 атрымаў сан мiсiянера, служыў прыходскiм святаром у Харватыi. З 1646 падначалены смаленскага бiскупа П.Парчэўскага, у 1647 разам з iм прыбыў у Смаленск. Там перайшоў да унiяцкага епiскапа А.Квашнiна-Залатога, потым хатнi святар С.Галынскага ў Чарэi. У 1647 у складзе пасольства Рэчы Паспалiтай наведаў Маскву. У 1650—51 як перакладчык удзельнiчаў у пасольстве Свяшчэннай Рымскай iмперыi ў Стамбул. У 1659 праз Украiну прыехаў у Пуцiўль на рас. мяжы, назваўся сербам Юрыем Iванавiчам Белiным (Бiлiшам) i прыняты ў Маскве на службу ў Прыказ Вял. палаца. Прэтэндаваў на ролю царскага дарадчыка, прыдворнага гiсторыка i бiблiятэкара. Прапаноўваў напiсаць абвяржэнне на погляды, быццам Расiя — тыранiя (каб схiлiць украiнцаў пад рас. падданства), перакласцi на рус. мову зах.-еўрапейскія кнiгi, выдаць славянскую граматыку i Бiблiю. Яму было даручана толькi скласцi граматыку. У працы «Обjясньенjе Виводно о писмђ Словђнскомъ» (1660) рус. мову падзяляў на 3 часткi: рус. размоўную (велiкарускую), беларускую (укр.-бел. пiсьмовую) i царкоўнаславянскую. У 1660 у Маскве сустракаўся з Сiмяонам Полацкiм i высока адзываўся аб iм. Западозраны ў палiтычнай нядобранадзейнасцi, у 1661 высланы ў Табольск, дзе напiсаў некалькi кнiг. У працы «Граматично изказанjе объ рускомъ jезику» (1661) намагаўся распрацаваць штучную агульнаславянскую мову на падставе рус. лексiкi i харвацкай граматыкi. Трактат «Палiтыка» (1663) змяшчаў парады манарху, як разумна кiраваць народам. У iм К. выказваўся за самаўладдзе i падначаленне славянскага свету Расii. У працы «Тлумачэнне гiстарычных прароцтваў» (1674) прапаноўваў унiю правасл. i каталiцкай цэркваў пад вяршэнствам рымскага папы, аб’яднанне палякаў i рускiх у адзiнай дзяржаве з наступным далучэннем да яе астатнiх славян для барацьбы з Асманскай iмперыяй. У 1676 вернуты са ссылкi, у 1678 пакiнуў Расiю. Знаходзiўся ў дамiнiканскiм шпiталi ў Друi, потым у Вiльнi ўступiў у дамiнiканскi ордэн (манаскае iмя Аўгусцiн). У 1682 выехаў у Рым для справаздачы. Па дарозе залiчаны капеланам у войска Рэчы Паспалiтай, якое накiроўвалася вызваляць Вену ад турэцкай аблогi, дзе i загiнуў. Аўтар прац па тэалогii, фiласофii, палiтыцы, мовазнаўстве, геаграфii, гiсторыi, якiя з-за павярхоўнасцi не набылi шырокай вядомасцi. Палiтычныя планы К. вызначалiся авантурнасцю i няжыццяздольнасцю. Яго панславiсцкiя iдэi прапагандавалiся ў рас. навуцы 19—20 ст.
Творы:
Собр. соч. Вып. 1—3. М., 1891—92;
Политика. М., 1965.
Літаратура:
Маркевич А. Юрий Крижанич и его литературная деятельность. Варшава, 1876;
Епифанов П.П. Происки Ватикана в России и Юрий Крижанич // Вопр. истории. 1953. № 10;
Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984;
Заборовский Л.В. Юрий Крижанич о Речи Посполитой: (Проблемы «вольнобесия») // Славистические исследования: Доклады к XI Международному съезду славистов. М., 1992.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


