Артыкулы: Крышпіны-Кіршэнштэйны
Крышпіны-Кіршэнштэйны, шляхецкі род уласнага герба. Вядомы з 15 ст. Паходзілі з Караляўца (Кёнігсберга). Першапачатковае прозвішча — Кіршэнштэйн. У сярэдзіне 16 ст. Крышпін Кіршэнштэйн набыў значную маёмасць у ВКЛ дзякуючы пасадзе ўрадніка каралеўскіх пушчаў, ад Жыгімонта Аўгуста атрымаў індыгенат і маёнтак Чырвоны Двор (Раўдань) каля Вялены і інш. Яго сын Крышпін (Крыштоф) Кіршэнштэйн стаў дваранінам Жыгімонта ІІІ, цівуном паюрскім. На Беларусі К.-К. валодалі маёнткамі Свіслач (Свіслач Крышпінаўская) у Ваўкавыскім пав., Самахвалавічы ў Менскім ваяв., і інш. Найб. вядомыя:
Геранім (каля 1622—пасля 5.12.1681), сын Крыштофа. Дваранін Уладзіслава IV, цівун паюрскі з 1639, маршалак ковенскі з 1656, кухмістр ВКЛ у 1658—63, вял. падскарбі ВКЛ у 1663—76. Як гусарскі ротмістр удзельнічаў у баях з казакамі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў паспалітым рушэннем Жамойці. Пад камандаваннем Я.Радзівіла ўдзельнічаў у баях за Магілёў у 1655. Выступаў супраць Кейданскага дагавора 1655 і быў зняволены шведамі. Пасля ваяваў за вызваленне Жамойці ад шведаў.
Міхал Антоній (?—24.7.1682), сын Гераніма. Цівун паюрскі, генерал артылерыі ў 1668—73, пісар польны ВКЛ з 1673.
Андрэй Казімір (?—1704), сын Гераніма. Пісар польны ВКЛ у 1683—98, ваявода віцебскі з 1695; стараста шарашоўскі, пуньскі; пасол на соймы 1688, 1688—89, 1690, 1692—93 (яго маршалак), 1693. У 1691 удзельнічаў у паходзе супраць туркаў. Належаў да каралеўскай групоўкі ў ВКЛ, выступаў супраць Сапегаў, якія ў 1696 інспіравалі дэкрэт Трыбунала ВКЛ, быццам К.-К. не шляхта і не маюць правоў займаць годнасці і ўрады. Разам з братам Янам Геранімам узначальваў антысапегаўскі рух у Жамойці. Падтрымаў абранне на трон Аўгуста ІІ. Аўтар кнігі «Паважнасць розуму, альбо Палітычная навука падчас злых намераў» («Stateczność umysłu albo Nauka polityczna podczas złych umysłów», Варшава, 1769).
Марцін Міхал (Марцыян; ?—20.8.1700), сын Гераніма. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. Служыў у войску ВКЛ, палкоўнік (1667). Падстолі ВКЛ у 1687—89, падчашы ВКЛ у 1689—97, кашталян троцкі з 1697; цівун віленскі з 1673, стараста плунгянскі, аршанскі ў 1676—99; пасол на соймы 1667, 1692, 1696. Належаў да каралеўскай партыі, выступаў супраць групоўкі Сапегаў.
Ян Геранім (каля 1654—14.8.1708), сын Гераніма. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і Падуанскім ун-це. З 1678 святар. Віленскі канонік з 1681 і кусташ з 1685, рэферэндар духоўны ВКЛ у 1687—95, суфраган віленскі і тытулярны біскуп салоненскі з 1694, біскуп жамойцкі з 1695. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў, у час Паўночнай вайны 1700—21 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Францішак (?—да 2.3.1731), сын Марціна Міхала. Стараста плунгянскі з 1699, цівун гандынскі, харужы надворны ВКЛ у 1706—07; пасол на соймы 1699, 1701—02. У Паўн. вайну камандаваў дывізіяй. У 1706 перайшоў на бок шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў урад стражніка ВКЛ (1708—09). Ваяваў супраць рас. войск на Беларусі. У 1709 эмігрыраваў у Прусію. У 1711 удзельнічаў у няўдалым паходзе на ВКЛ. Пасля выехаў у Бендэры. У 1713 прызначаны Ляшчынскім дыпламатычным прадстаўніком у Стамбуле, дзе займаўся падрыхтоўкай турэцка-татарскага паходу на Рэч Паспалітую. У 1714 у рангу ген.-лейтэнанта паступіў на службу ў шведскую армію. Падтрымліваў шырокія дыпламатычныя кантакты для шведска-рас. збліжэння. У 1721 пасля амністыі вярнуўся на радзіму. Пасол на сойм 1722.
Ежы Геранім (каля 1673—да 12.11.1736), сын Марціна Міхала. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. Стараста аршанскі з 1699, пісар польны ВКЛ у 1704—08. У Паўн. вайну камандаваў дывізіяй пад камандаваннем гетмана М.Вішнявецкага, тытулаваўся палкоўнікам і генеральным рэгіментарам войска ВКЛ. У 1707 перайшоў на бок шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў урад падчашага ВКЛ (тытулаваўся так у 1708—13). Пасля паражэння шведаў пад Палтавай пераехаў у Прусію, дзе атрымаў ад Ляшчынскага ўрад польнага гетмана ВКЛ (ужываў тытул у 1710). Удзельнічаў у няўдалым паходзе 1711 на ВКЛ. Пасля пераехаў да Ляшчынскага ў Бендэры, дзе рыхтаваў татарскія напады на Рэч Паспалітую. У 1713 асеў у Вроцлаве, у 1721 вярнуўся на радзіму. Ген.-лейтэнант войска ВКЛ (1722), пасол на сойм 1722, кашталян жамойцкі з 1722.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


