Артыкулы: Крэменецкі павет
Крэменецкі павет, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у сярэдзине 15—сярэдзіне 16 ст., у Польскім каралеўстве ў 2-й пал. 16—канцы 18 ст. Цэнтр — г. Крэменец. У К.п. уваходзілі землі ў верхнім цячэнні рэк Іква, Гарынь, Серэт, Збруч і левабярэжжа верхняга цячэння Случы. Буйнейшымі землеўладальнікамі павета былі князі Збаражскія, якім належалі Збараж, Калодзен, Чарняхоў, Вішнявец, Бакота, Лапушная. Буйнымі землеўладальнікамі ў павеце былі князі Заслаўскія, Астрожскія, Чацвярцінскія, Вішнявецкія. Значнымі населенымі пунктамі К.п. былі Сураж, Шумск, Шумбар, Заслаў, Корніца, Пачаеў, Красілаў, Любар. Разам з Уладзімірскім і Луцкім паветамі К.п. у ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшоў у склад Валынскага ваяводства ВКЛ. З 1569 у складзе Польскага каралеўства. У 1791 са складу К.п. вылучаны Надслуцкі павет. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) паўд. частка К.п. ў складзе Аўстрыі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) усх. частка К.п. ў складзе Рас. імперыі, пасля 3-га падзелу (1795) да Расіі далучана рэшта К.п.
Літаратура:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. [M., 1892]. С. 229—235;
Крикун М. Адміністративно-територіальний устрій Правобережної України в XV—XVIII ст.: Кордони воєводств у світлі джерел. Київ, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


