Артыкулы: Кукальнік (Кукольник) Павел Васiлевiч
Кукальнік (Кукольник) Павел Васiлевiч [24.6(5.7).1795, г. Замасць, Польшча—3(15).9.1884], расійскі пiсьменнiк, гiсторык. Д-р права (1815). З укр. унiяцкай сям’i (у 1821 прыняў праваслаўе), якая у 1804 пераехала ў Пецярбург. Брат пiсьменнiка Н.В.Кукальнiка. У 1810—24 з перапынкамі служыў у розных міністэрствах. У 1815 у Полацкай акадэміі абараніў доктарскую дысертацыю «Пра ўплыў рымскага права на ўсерасійскае». Пераклаў з французскай мовы «Скарочаную ўсеагульную гісторыю» Л.Ф.Сегюра (т. 1—5, Пецярбург, 1818—20). У 1824—32 праф. кафедры ўсеагульнай гiсторыi і статыстыкі Вiленскага ун-та, пасля выкладаў усеагульную гісторыю ў Духоўнай акадэмiі (1833—42) і каталіцкай епархіяльнай семінарыі (з 1844), рускую мову — у Медыка-хірургічнай акадэміі (1834—42), служыў чыноўнікам па гіст. і статыстычнай часці пры віленскім генерал-губернатару (1849—51). Адначасова ў 1829—41 і 1851—63 цэнзар, у 1863—65 старшыня Віленскага цэнзурнага камітэта. К. адрознівалі ліберальныя погляды, добразычлівае стаўленне да мясц. літаратараў, з ім падтрымлівалі цесныя кантакты У.Сыракомля, А.Э.Адынец, А.Г.Кіркор. У 1864—65 старшыня Вiленскай археагр. камiсii. У сваіх гіст. працах, якія мелі ў асн. кампілятыўны і краязнаўчы характар, выказваў ідэі пра «літоўскую» самабытнасць, адмоўна ацэньваў сувязі ВКЛ з Польшчай і ролю каталіцтва ў краі, бо гэта, на яго думку, прыводзіла да прыгнятання праваслаўя, гвалту і кровапраліцця. Аўтар вершаў, празаічных твораў, а таксама мемуараў, апублікаваных у час. «Русский архив» (1873—74).
Творы:
История управления и законодательства Литвы // Памятная книжка Виленской губернии на 1853 год. Вильна, 1853;
Обычаи, поверья и предрассудки литовцев // Черты из истории и жизни литовского народа. Вильна, 1854;
Исторические воспоминания о Немане // Памятная книжка Виленской губернии на 1860 год. Вильно, 1860. Ч. 2;
Путешествие по Замковой улице в Вильне // Виленский вестник. 1860. 4 янв.—1 апр.;
Отрывок из поездки в Гродненскую губернию // Там жа. 16—23 сент.;
Исторические заметки о Литве. Вильна, 1864;
Исторические заметки о Северо-Западном крае с 1794 года (по 1860 г.) // Вестник Западной России. 1864. Т. 2, кн. 6, декабрь; 1867. Т. 1, кн. 1;
Очерки старинного быта Литвы // Виленский вестник. 1865;
Тое ж // Вестник Юго-Западной России. 1867;
Историческое исследование о Западной России. СПб., 1865.
Літаратура:
Шверубович А.И. Братья Кукольники, Павел и Нестор: Очерк их жизни. Вильна, 1885;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


