Артыкулы: Кульвец Абрагам
Кульвец Абрагам (каля 1510, в. Кульва каля Коўна—6.6.1545), асветнiк, дзеяч Рэфармацыi ў ВКЛ. Паходзiў з літ. шляхецкага роду. Вучыўся ў Кракаўскай акадэмii (1528), дзе атрымаў ступень бакалаўра вольных мастацтваў, пасля ў Лювене. Да 1535 вярнуўся на радзіму і жыў у ваяводы віленскага і канцлера ВКЛ А.Гаштольда. З 1536 вучыўся у Вiтэнбергу і Лейпцыгу (слухаў там лекцыi М.Лютэра), пасля ў Сіене, дзе атрымаў ступень д-ра абодвух правоў (1539). У 1539 дзякуючы падтрымцы каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай Боны заснаваў у Вiльнi прыватную школу з канвіктам (інтэрнатам), якая стала першым асяродкам лютэранства ў ВКЛ. У школе выкладаіся «сем вольных мастацтваў», вучылася да 60 юнакоў. Рэфармацыйныя погляды К. выказваў і ў пропаведзях у касцёле св. Ганны. Дзейнасць К. выклiкала занепакоенасць каталіцкага духавенства. Бiскуп вiленскi Павел Гальшанскi дамогся ад вял. князя Жыгiмонта Старога выдання загаду з патрабаваннем да К. з’явiцца перад касцельным судом. У 1542 К. пакiнуў Вiльню i пераехаў у Каралявец (Кёнiгсберг), дзе герцаг Альбрэхт прызначыў яго сваім радцам і віцэ-рэктарам мясцовай школы. З 1544 К. выкладаў грэчаскую і стараж.-яўрэйскую мовы ў новазаснаваным Каралявецкім універсітэце. Выдаў тэалагічную працу «Спавяданне веры Абрагама Кульвяца, напісанае да найяснейшай каралевы Польшчы» («Confessio fidei Abrahami Culvensis, scripta ad serenissimam reginam Poloniae», 1543). Па водле загаду герцага Альбрэхта пачаў працу па напісанні літ. катэхізіса, пераклаў на літ. мову некалькі гімнаў, якія ўвайшлі ў «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547). У пач. 1545 атрымаў дазвол вярнуцца ў Вiльню, дзе неўзабаве памёр.
Літаратура:
Wotschke T. Abraham Culvensis // Altpreussische Monatsschrift. 1905. Bd. 42;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


