Артыкулы: Кундзіч Тадэвуш
Кундзіч Тадэвуш (25.11.1747, мяст. Крынічын у Жамойці, цяпер Крынчынас Пасвальскага р-на—15.1.1829), дзеяч каталіцкай царквы. Д-р вызваленых навук і філасофіі. Вучыўся ў Гародні, пасля ў Віленскай акадэміі. У 1762 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў, з 1773 ксёндз. Прафесар граматыкі, геаметрыі і французскай мовы ў шляхецкім канвікце ў Вільні (1768—71), сынтаксіса і французскай мовы ў Віленскай акадэміі (1771—73). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) вывучаў тэалогію ў Вільні, працаваў у астранамічнай абсерваторыі (1773—77), віцэ-прафесар, прафесар матэматыкі (1777—1802), цывільнай і ваеннай архітэктуры (1786—87), генеральны візітатар школ Адукацыйнай камісіі ў ВКЛ (1794), прэфект вучыцельскай семінарыі ў Вільні (1803—07). У 1803 цэнзар кніг. Візітаваў школы Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. З 1796 канцлер Віленскага біскупства, з 1808 біскуп-суфраган троцкі і канонік віленскага капітула, з 1816 біскуп-суфраган віленскі (тытулярны біскуп анастасіяпалітанскі). У 1810—12 кіраваў Віленскім біскупствам ад імя адсутнага біскупа Гераніма Страйноўскага. Пасля смерці апошняга (1815) адміністратарам біскупства прызначаны мітрапаліт Станіслаў Сестранцэвіч-Богуш, але фактычна ёю кіраваў К. як генеральны вікарый (да 1821). У 1802—28 выйшла некалькі выданняў яго французскай граматыкі.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


