Артыкулы: кунтуш
кунтуш, верхняе мужчынскае адзенне, якое апраналi на жупан. Адзенне ўсходняга паходжання. Прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, потым, у 16 ст., на Беларусь. Разам з жупанам стаў традыцыйным адзеннем заможных людзей. Шыўся доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзам спераду, зашпільваўся на гаплікі або вял. гузікі. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. Адметная асаблiвасць —разрэзаныя рукавы, якія свабодна звісалі або закідваліся за плечы. У 16 ст. быў суконны, пазней шаўковы, зімою падшыты лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка іншага колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс (у т.л. слуцкія паясы). У 1778 вызначаны колеры К. і жупанаў урадаўцаў паасобных ваяводстваў, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


