Артыкулы: Купяціцкі абраз Маці Божай
Купяціцкі абраз Маці Божай, праваслаўная святыня Беларусі і Украіны, якая паходзіць з в. Купяцічы каля Пінска. Уяўляе сабой ніжнюю створку бронзавага крыжа-энкалпіона канца 12 ст. У цэнтры змешчана выява Багародзіцы ў рост, на яе левай руцэ сядзіць немаўля Ісус Хрыстос; уверсе, злева і справа ў круглых медальёнах выявы святых. У пачатку 19 ст. кіеўскі мітрапаліт Яўген Балхавіцінаў на падставе невядомай крыніцы датаваў з’яўленне абраза ў Купяцічах 1182. На гэтым месцы была збудавана Увядзенская царква (дакументальна вядома з 1495). У 1629 пры царкве заснаваны правасл. мужчынскі манастыр. Купяціцкі абраз набыў вядомасць як цудадзейны. Крыж быў устаўлены ў пазалочаную дошку. Пашырэнню культу абраза садзейнічалі кнігі Афанасія Кальнафойскага «Тэратургіма» (Кіеў, 1638), дзе змешчаны дадатак «Цуды купяціцкія», і Іаанікія Галятоўскага «Неба новае» (Львоў, 1665). Гравюру з выявай абраза (з кнігі 1638) у 1638 уручыў у Маскве цару Міхаілу Фёдаравічу купяціцкі намеснік Афанасій Берасцейскі. У 1655 абраз перанесены ў Кіеўскі Сафійскі сабор. Купяціцкі манастыр з 1740-х г. уніяцкі, у 1817 зачынены. У Купяцічах была зроблена копія абраза з дрэва, устаўлена ў сярэбраную аправу з накрыўкай (захавалася ў прыходскай царкве). Свята абраза адзначаецца 15(28) лістапада.
Літаратура:
Петров Н.И. Купятицкая икона Богородицы, в связи с древнерусскими энколпионами // Труды девятого археологического съезда в Вильне. Том II. М., 1897;
Пуцко В.Г. Барочныя аправы цудадзейных абразоў Маці Божай // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;
Яго ж. Купятицкий крест-энколпион // Художественный металл России: Материалы конференции памяти Г.Н.Бочарова. М., 2001;
Chomik P. Monaster kupiatycki jako ośrodek kultowy cudownej ikony Matki Bożej // Życie monastyczne w Rzeczypospolitej. Białystok, 2001;
Башкоў А. Старажытныя хрысціянскія святыні ў кантэксце духоўнай культуры Палесся ХХ ст. // Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. Z. 17.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


