Артыкулы: Курапатніцкі (Kuropatnicki) Эварыст Анджэй
Курапатніцкі (Kuropatnicki) Эварыст Анджэй (26.10.1734, в. Абровец каля Грубяшова—21.2.1788), геральдык, географ, бібліяфіл. Паходзіў з зах.-ўкр. сенатарскага роду. Быў звязаны з «Фаміліяй» Чартарыйскіх. У 1764 пасол на канвакацыйны сойм. Кашталян бужскі ў 1764—66, белзскі ў 1766—81. Быў прыхільнікам Барскай канфедэрацыі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 прапанаваў каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Станіславу Аўгусту Панятоўскаму план арганізацыі паўстання на захопленых Аўстрыяй землях. Пасля пагадзіўся з аўстрыйскімі ўладамі, атрымаў ад імператрыцы Марыі Тэрэзіі графскі тытул (1781). Стварыў у сваёй сядзібе ў Тарноўцы (Галіцыя) мясцовы культурны цэнтр. Сабраў больш за 60 тамоў рукапісных матэрыялаў, дзе было шмат паліт. помнікаў часоў праўлення Панятоўскага і Барскай канфедэрацыі. Меў спісы хронік Дзежвы і Вінцэнта Кадлубака. Выдаў вял. геральдычна-генеалагічны кампендыум «Паведамленне пра клейнод шляхецкі і гербах дамоў шляхецкіх у Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім, таксама ў прылеглых правінцыях, з кніг Папроцкага, Акольскага, Патоцкага, Рачынскага, Нясецкага, Дунчэўскага, Хмялёўскага, а таксама з акта элекцыі караля ... Станіслава Аўгуста, з актаў канфедэрацыі, ... таксама з канстытуцый і іншых соймаў у час цяперашняга панавання праведзеных» («Wiadomość okleynocieszlacheckim, orazherbachdomówszlacheckichwKoroniePolskiey, iWielkimXięstwieLitewskim, tudzież wprzyległychProwincyachzKsiągPaprockiego, Okolskiego, Potockiego, Rzączyńskiego, Niesieckiego, Dunczewskiego, Chmielowskiego, orazzAktuElekcyiKróla ... Stanisława Augusta, jako też z Aktów Konfederacyi, ... tudzież z Konstytucyi i innych Seymów za teraźnieyszego panowania odprawionych», ч. 1—4, Варшава, 1789). Выдаў геаграфічны нарыс зямель Рэчы Паспалітай, якія захапіла Аўстрыя: «Геаграфія, альбо Дакладнае апісанне каралеўстваў Галіцыі і Ладамірыі» («Geografia albo dokładne opisanie królestw Galicji i Lodomerii», 1786; 2 выд. 1858). Выў абраны ганаровым членам Кракаўскай акадэміі (1782).
Літаратура:
Garbacik J. Ostaini kasztelan biecki i jego siedziba w Tarnowcu // Studiа z dziejów Jarosławia i powiatu jarosławskiego. Kraków, 1964.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


