Артыкулы: Кураш Станіслаў
Кураш Станіслаў (1580-я г.—1646), палітычны і гаспадарчы дзеяч ВКЛ. Паходзіў з шляхецкага роду герба «Равіч» з Сандамірскага ваяв. Скончыў Ракаўскую акадэмію. Служыў у князя Габара Баторыя ў Трансільваніі. З 1620-х сакратар Крыштофа Радзівіла, выконваў яго адказныя даручэнні на соймах і сойміках Рэчы Паспалітай і за мяжой. Па загаду патрона інтрыгаваў супраць караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ, вёў перагаворы з віленскім біскупам Астафіем Валовічам, слуцкім і капыльскім плябанамі. У 1633 разам з Радзівілам удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. У 1621—35 як стараста кіраваў радзівілаўскім маёнткам з цэнтрам у Орлі каля Бельска. Дамогся для Орлі ў 1634 магдэбургскага права. Пасля атрымаў ад Радзівіла ў пажыццёвае валоданне фальварак Беласточак як узнагароду за службу. У 1630 ажаніўся ў 2-і раз з Ядвігай Грэкаўнай (на вяселле напісаў верш Станіслаў Набароўскі), жыў у маёнтку цесця Дабрынь каля Берасця. Належаў да гарлівых прыхільнікаў арыянства, удзельнічаў у арыянскіх сінодах. Сын К. Грацыян вучыўся ў Ракаўскай акадэміі, напісаў твор пра дысцыпліну ў арыянскіх зборах, у 1640-х г. міністр у арыянскім зборы ў Кейданах.
Літаратура:
Tazbir J. Arianie w Białymstoku i okolicach // Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku. Białystok, 1968. S. 87—89;
Augustyniak U. Dwór i klientela Krzysztofa Radziwłła (1585—1640): Mechanizmy patronatu. Warszawa, 2001;
Gajdka K. Nowe przyczynki do biografii Stanisława Kurosza, siedemnastowiecznego starosty Orli // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. Z. 23.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


