Артыкулы: Курбскі Андрэй Міхайлавіч
Курбскі Андрэй Міхайлавіч (восень 1528—паміж 6 і 24.5.1583), ваенны дзеяч, пісьменнік, публіцыст. З роду князёў Яраслаўскіх. З маладосці займаў высокае становішча пры маскоўскім двары. У 1552 удзельнічаў ва ўзяцці Казані. З 1556 баярын. У пачатку Інфлянцкай вайны 1558—82 у студз. 1558 камандаваў старажавым палком, а ў чэрв. 1558 разам з А.Ф.Адашавым узначальваў перадавы полк, што дзейнічаў у напрамку Нойгаўза і Дорпата. У 1560 узначальваў рас. войскі ў Інфлянтах. У сак. 1562 узначаліў гарнізон у Вял. Луках, адкуль зрабіў напад на Віцебск. У вер. 1562 прызначаны 2-м ваяводам старажавога палка ў арміі Івана IV, якая ў студз. 1563 выступіла з Вял. Лук і захапіла Полацк. З крас. 1563 ваявода ў Дорпаце. У ноч на 30 крас. 1564 здрадзіў і ўцёк у ВКЛ, магчыма, баючыся апалы цара. Яшчэ да гэтага атрымліваў прапановы пераехаць ад караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, гетмана М.Радзівіла Рудога і падскарбія А.Валовіча. У ВКЛ не атрымаў значных вайсковых ці дзярж. пасад, але яму быў аддадзены ў трыманне г. Ковель з ваколіцамі (1564, раней уладанні каралевы і вял. княгіні Боны), Крэўскае стараства (1566—69), Смядынская вол. (1567), маёнткі ва Упіцкім пав. (1568). Зімой 1565 камандаваў 15-тысячным атрадам у паходзе на Вял. Лукі. У 1573 абраны паслом ад Берасцейскага ваяв. на элекцыю новага караля. У 1575 адбіваў напад на Валынь крымскіх татараў. У 1579 на чале свайго атрада ўдзельнічаў ва ўзяцці Полацка войскам Стафана Баторыя. Падчас паходу 1581 пад Пскоў захварэў і вярнуўся на Валынь, дзе і памёр. У 1571 ажаніўся з княжной Марыяй Юр’еўнай Гальшанскай-Дубровіцкай, а пасля разводу ў 1579 — з Аляксандрай Сямашка. З ёй меў сына Дзмітрыя, які прыняў каталіцтва з імем Мікалай і стаў падкаморым упіцкім.
Яшчэ ў Масковіі К. пазнаёміўся са знакамітым кніжнікам Максімам Грэкам і пазней называў яго сваім настаўнікам. Відаць, у Расіі К. напісаў адно са сказанняў пра Максіма Грэка і жыціе Аўгусціна Гіпонскага. У ВКЛ у 1580-я г. склаў кампілятыўную «Гісторыю пра восьмы сабор», заснаваную на аналагічным творы Клірыка Астрожскага. З ВКЛ даслаў у Маскву 3 пасланні да Івана IV, дзе востра крытыкаваў яго ўнутраную і знешнюю палітыку. Аднак палітычны ідэал К. быў кансерватыўны, ён абараняў правы арыстакратыі на палітычную уладу. Гэтыя ідэі праводзіліся і ў яго творы «Гісторыю пра вялікага князя маскоўскага». У Рэчы Паспалітай К. зблізіўся з вядомымі абаронцамі правоў праваслаўных: князем К.К.Астрожскім, старцам Арцеміем, друкаром К.Мамонічам і інш. Пасланні К. маюць выразны «антылацінскі» і, яшчэ больш, антыпратэстанцкі характар. У маёнтку К. Мілянавічы каля Ковеля перапісваліся і перакладаліся на кніжную слав. мову творы ўсходнехрысціянскіх пісьменнікаў. Мэтай К. было замяніць дрэнныя ці няпоўныя пераклады твораў правасл. аўтарытэтаў на больш дакладныя і поўныя. Для гэтага сам К. пачаў вывучаць латынь і склаў зборнік «Новы Маргарыт», дзе змясціў новыя пераклады твораў Іаана Златавуста. Перакладаў таксама творы айцоў царквы Васіля Вялікага і Грыгорыя Багаслова, «Багаслоўе» і «Дыялектыку» Іаана Дамаскіна, працу нямецкага багаслова Іагана Спангенберга «Пра сілагізм». Творчасць К. значна паўплывала на ўмацаванне пазіцый правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай.
Творы:
Сочинения князя Курбского. Т. 1. Сочинения оригинальные / Изд. Г.З.Кунцевича // Русская историческая библиотека. СПб., 1914. Т. 31;
Novyi Margarit: Historische-kritische Ausgabe auf der Grundlage der Wolfenbütteler Handschrift / Hrsg. von I.Auerbach. Giessen, 1976—1990. Bd. 1—4, Lfg. 1—17;
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским / Текст подг. Я.С.Лурье и Ю.Д.Рыков. М., 1993;
Die Dogmatik des Johannes von Damaskus in der Übersetyung des Fürsten Andrej M.Kurbskij (1528—1583) / Hrsg. von J.Besters-Dilger unter Mitarbeit von E.Weiher, F.Keller, H.Miklas. Freiburg, 1995.
Літаратура:
Иванишев Н.Д. Жизнь князя Курбского в Литве и на Волыни. Т. 1—2. Киев, 1849;
Auerbach I. Andrej Michajlovič Kurbskij: Leben in osteuropäischen Adelsgesellschaften des 16. Jahrhunderts. München, 1985;
Калугин В. Литературный кружок князя Андрея Курбского в восточнославянских землях Речи Посполитой // Slavia orientalis. 1996. № 1;
Яго ж. Андрей Курбский и Иван Грозный: теоретические взгляды и литературная техника древнерусского писателя. М., 1998;
Яго ж. «Житие Климента, епископа Римского» и «Исповедание» Псевдо-Ефрема в агиографическом своде А.М.Курбского // Paleoslavica. Cambridge (Mass.). 2001. T. 9 Яго ж. «Борение мученика Дмитрия Солунского» Симеона Метафраста // Белоруссия и Украина: История и культура. Ежегодник, 2003. М., 2003. Вып. 1;
Яго ж. «Житие святителя Николая Мирликийского» в агиографическом своде Андрея Курбского. М., 2003;
«Житие Сильвестра, папы Римского» в агиографическом своде Андрея Курбского / Сост., предисловие, коммент. В.В.Калугина. М., 2003;
Зайцев Д.М. Из истории взаимовлияния восточнославянских культур: Старец Артемий и князь Андрей Курбский о религии, философии, государственности. Монография. Мн.: Частный институт управления и предпринимательства, 2007.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


