Артыкулы: Курчы
Курчы, шляхецкі род герба «Радван». Вядомы з 16 ст. Паходзілі з Гарадзенскага пав. Найб. вядомыя:
Марцін Данілавіч (?—пасля 26.2.1602), сын Данілы Сямёнавіча. Войскі віцебскі з 1578, маршалак гаспадарскі ў 1585—89, ваявода дорпацкі з 1600. З 1560 як ротмістр удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. У 1567 наглядаў за будаўніцтвам замка ва ўрочышчы Сарыца ў Віцебскім ваяв. Пад камандаваннем Р.Сангушкі ўдзельнічаў у пераможнай бітве пад Чашнікамі 21.7.1567 і ва ўзяцці Улы ў 1569. У 1580—82 ваяваў пад Вял. Лукамі і Псковам. За ваенныя заслугі атрымаў урады старасты адэльскага (1576) і фелінскага (1586). Валодаў маёнткамі ў Гарадзенскім (Уснар), Лідскім, Новагародскім, Ваўкавыскім пав.
Яўстахій (Астафій; ?—1647), сын Марціна Данілавіча. Падкаморы парнаўскі ў 1599—1602, падкаморы гарадзенскі з 1617, стараста упіцкі з 1618, кашталян віцебскі з 1639. Валодаў маёнткамі Сянно, Уснач, Бераставіца. У 1609 заснаваў касцёл у Сянне, у 1635 — кляштар францысканцаў у Гародні.
Стафан (?—1702), сын Станіслава. Лідскі войскі з 1650 і падкаморы з 1665, берасцейскі кашталян з 1668 і ваявода 1672; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1677. Належаў да групоўкі Сапегаў. Валодаў маёнткамі Плужаны і Валеўка (збудаваў там дамініканскі кляштар і уніяцкую царкву) у Новагародскім ваяв.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


