Артыкулы: кушнерства
кушнерства, рамяство па вырабу аўчын і шкурак пушных звяроў для пашыву вопраткі і футравых рэчаў. На бел. землях было шырока распаўсюджана з часоў Кіеўскай Русі. Наяўнасць у ВКЛ шматлікіх пушных звяроў — бабра, лісы, куніцы, тхара, гарнастая, мядзведзя, воўка, вавёркі, зайца, рысі а таксама гадаванне авечак спрыялі росквіту ў краіне К. У пісьмовых крыніцах ВКЛ слова «кушнер» (рамеснік, які займаецца К.) упершыню згадваецца ў 1486, паходзіць ад сярэдневерхненямецкага kürsenaere праз польскае пасрэдніцтва (kusznierz). Тэхналогія апрацоўкі шрук была шматступеньчатай і ўключала адмочванне, мяздрэнне, квашэнне, мякчэнне. Спачатку шкуры адмочвале ў вадзе, пасля мяздравалі — ачышчалі ад мяздры на спецыяльнай калодзе з дапамогай скоблі (струга). Ачышчаную шкуру прасушвалі і заквашвалі ў кіслым растворы жытняй або аўсянай мукі з соллю, што размякчала скуру і засцерагала яе ад гніення. Паводле этнаграфічных дадзеных, вядомы 2 спосабы квашання: шкуру акуналі ў чан з квасам або намазвалі яе ніжнюю паверхню кіслым цестам. Мякчэнне адбывалася з дапамогай спецыяльнага інструмента — «крука», «ключа». У гарадскім кушнерскім рамястве існавала вял. спецыялізацыя. Частка кушяроў вырабляла казіныя скуры і аўчыны (аўчыннікі, мілатары, кажушнікі, баўтушнікі). Некаторыя займаліся выдзелкай вавёркавых шкурак (адносна танных), іншыя — дарагіх футраў собаля, лісы, куніцы, гарнастая, норкі, мядзведзя, рысі). Магілёўскія шубнікі ў 2-й пал. 16 ст. падзяляліся паводле відаў футра (вавёркавае, сабалінае, кунічнае, гарнастаевае і інш.), а таксама паводле відаў асобных частак футра. Былі шубнікі, што шылі шубы «хребтовые», «лапчатые», «черевьи», «хвостовые», з «пупков». Такая дробная спецыялізацыя сведчыць пра развітую таварную вытворчасць К. Сваю прадукцыю магілёўскія кушняры ў 16 ст. прадавалі ў Вільні, Любліне. У 18 ст. існавалі рамеснікі, якія спецыялізаваліся на афарбоўцы футра. У гарадах кушняры аб’ядноўваліся ў рамесныя цэхі, часам з гарбарамі, шаўцамі, шапачнікамі і інш. Кушнерскія цэхі (або аб’яднаныя цэхі, у якія ўваходзілі кушняры) існавалі ў шматлікіх гарадах ВКЛ. У Вільні з 1458 існавала мядовае брацтва кушераў, якое заснавалі 2 кушнеры — Клім і Якуб; у 1538 яно атрымала пацвярджэнне статута ад Жыгімонта Старога. Рамесны цэх кушняроў створаны ў Вільні ў 1669. Такія ж цэхі існавалі ў Магілёве (вядомы з 1577), Берасці (1579), Слуцку (канец 16 ст.), Полацку (1601), Менску (1647), Шклове (1-я пал. 17 ст.), Міры (1693), Нясвіжы (1703), Клецку (1760) і інш.
Літаратура:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI—первой половине XVII в. Мн., 1966;
Мелешко В.И. Могилев в XVI—середине XVII в. Мн., 1988;
Гарбачык М.Р. Аб адной лексіка-семантычнай групе слоў старабеларускай мовы, звязаных з апрацоўкай скуры і вырабам з яе // Весці АН Беларусі. Сер. грам. навук. 1992. № 1.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


