Артыкулы: Лагойск

Лагойск (цяпер горад, цэнтр Лагойскага р-на, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Менскім пав., на р. Гайна. Упершыню ўпамiнаецца пад 1078. З 1180 цэнтр Лагойскага княства. З 1-й чвэрцi 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1387 Ягайла перадаў Л., якім раней валодаў баярын Вайшвілт, ва ўладанне свайму брату Скiргайлу; у той час тут iснаваў правасл. манастыр Iаана Прадцечы. У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) Л. упамінаецца сярод «літоўскіх» гарадоў. У канцы 14—пач. 15 ст. належаў Вітаўту. З 1413 у складзе Вiленскага ваяводства. У 1446 кн. Андрэй Уладзіміравіч (унук Альгерда) запісаў Л. у спадчыну сваёй жонцы Марыі, сыну Глебу і дачцы Аўдоцці (бацька і сын памерлі ў 1457). У 1460—70-х г. Л. выслужыў у вял. кн. Казіміра кн. Аляксандр Чартарыйскі. Яго сыну Сямёну права ўласнасці на Л. пацвердзілі вял. князі Аляксандр (1496) і Жыгімонт Стары (1508). У 1505 разрабаваны i спалены крымскiмi татарамi. У пач. 16 ст. дзякуючы шлюбу Л. перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі там сваю рэзідэнцыю. Княжна Аляксандра Сямёнаўна Чартарыйская, якая валодала паловай Л., ужо ў 1517 упамінаецца як жонка Васіля Тышкевіча; яны ў 1525 набылі другую палову Л. ў сястры Аляксандры — Соф’і. У 1519 і 1534 праз Л. праходзілі рас. войскі. У 1532 Тышкевіч адбудаваў спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву; пры ёй быў манастыр. У 1631, калі ў выніку пажару яна згарэла, Ю.В.Тышкевіч пабудаваў царкву ў суседняй в. Сялец, куды перавёў святароў і манахаў з Л. У горадзе існавалі таксама Прачысценская (вядома з 1514), Мікольская, Праабражэнская, Георгіеўская цэрквы. У 1609 ваявода берасцейскі А.Тышкевіч заснаваў драўляны парафіяльны касцёл (згарэў у час ваенных дзеянняў 1654). У 1519, 1535 і 1654 Л. займалі рас. войскi. У 1673 Л. атрымаў прывiлей караля Міхала Вішнявецкага на штотыднёвыя таргi i права збору мыта з купцоў. У час Паўночнай вайны 1700—21 у 1708 заняты шведамi, якiя разбурылі замак, у час пажару згарэлі Богаяўленская царква і касцёл. У 1752 на месцы замка жамойцкі біскуп А.Тышкевіч пабудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базыльян. У 1787 А.Тышкевіч пачаў будаўніцтва мураванага касцёла (асвячоны ў 1793). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. iмперыi.

Літаратура:

Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu borysowskiego. Wilno, 1847;

Самцэвіч В. М. Лагойск: (Менскай акругі) // Наш край. 1928. № 4;

Акуліч С., Сасноўскі Б. Лагойск: Гісторыка-эканамічны нарыс. Мн., 1979.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.