Артыкулы: летапісы ўкраінскія

летапісы ўкраінскія, помнікі літаратуры і гістарычнай думкі Украіны 15—18 ст. Летапісанне, якое ўзнікла на ўкр. землях у 11 ст., апынулася ў заняпадзе ў 14—15 ст. У 16 ст. складзены Валынскі кароткі летапіс, які ўтрымлівае звесткі па гісторыі Валыні. Уздым летапісання на Украіне адбываўся ў 1-й пал. 17 ст. ў сувязі з культурным і грамадскім уздымам. Летапісцы гэтага часу выкарыстоўвалі звесткі страж.-рус., бел.-літ. летапісаў, польскіх храністаў А.Гваньіні, М. і І. Бельскіх, М.Стрыйкоўскага, мемуарных твораў. Асн. ўвага ў Л.ў. аддавалася асвятленню ўнутрыпаліт. падзей, адносінам з цэнтр. ўладамі ВКЛ і Польшчы, адносінам з інш. дзяржавамі, барацьбе з татарскімі нападамі на ўкр. землі. Значнае месца адведзена сял.-казацкім паўстанням і вызваленчай вайне 1648—54. Шмат увагі аддадзена царк. гісторыі, становішчу правасл. царквы, барацьбе з царк. уніяй. Вылучаецца група летапісаў, створаных у асяроддзі казацтва і прысвечаных яго дзейнасці (гл. Летапісы казацкія). Большасць Л.у. напісана мовай, блізкай да ўкр. размоўнай. У пач. 17 ст. ў Кіеве (?) складзены Густынскі летапіс («Кройника», збярогся ў спісе, перапісаным у 1670 іераманахам Густынскага манастыра на Чарнігаўшчыне М.Ласіцкім). Ён утрымлівае звесткі ад часоў Кіеўскай Русі да 1597, у канцы змешчаны самастойныя раздзелы «Пра паходжанне казакоў», «Пра ўвядзенне новага календара», «Пра пачатак уніі». Летапіс мае выразную антыпольскую і антыуніяцкую скіраванасць. Густынскі манастырскі летапіс («Летописец об основании и создании монастыря Густынского») ахоплівае 1600—40 і асвятляе гісторыю Густынскага манастыра як аднаго з цэнтраў барацьбы супраць царк. уніі і каталіцтва, расказвае пра дзейнасць гетмана П.Сагайдачнага па аднаўленні правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай. У 1-й пал. 17 ст. невядомым аўтарам (ці групай аўтараў) складзены зборнік «Летапісцы Валыні і Украіны», які мае 12 раздзелаў. Выкладанне тут гісторыі Украіны звязана з гісторыяй ВКЛ, Польшчы, Расіі і даведзена да 1621. Асветлены ў асн. знешнепаліт. падзеі, да казацтва аўтар ставіцца адмоўна. Астрожскі летапісец напісаны ў канцы 1630-х г. жыхаром г. Астрог. Ахоплівае падзеі 1500—1636. 1-я частка (да 1597) — кампіляцыя звестак з хронікі Бельскіх, 2-я частка напісана на аснове асабістых назіранняў аўтара, які выступаў супраць царк. уніі, са спачуваннем да простых людзей апісаў сял.-казацкія выступленні, даў звесткі з культ. жыцця. Асн. ўвага ў творы аддадзена роду князёў Астрожскіх. Львоўскі летапіс (назва ўмоўная, бо ён знойдзены ў пач. 19 ст. ў Львове) складзены ў 1-й пал. 17 ст., захаваўся ў складзе рукапіснай кнігі кіеўскага протаіерэя М.І.Гунашэўскага. Невядомы аўтар асвятляе падзеі 1498—1649. Да 1630 гэта кароткія заметкі, пасля пераважае падрабязнае апісанне падзей, сведкам якіх быў аўтар. У летапісе шмат звестак пра сял. выступленні на чале з Т.Федаровічам (1630), П.Паўлюком і Я.Астранінам (1637—38), аўтар станоўча ставіцца да казацкіх вярхоў, асуджае царк. унію. У аснове створанага ў 1673 «Летапісца» Дварэцкіх ляжыць «Кройніка аб зямлі Польскай» Ф.Сафановіча, часткова — Львоўскі летапіс. Твор ахоплівае 1340—1672, асн. месца адводзіць вызваленчай вайне 1648—54, наступным ваенным падзеям. Межыгорскі летапіс ахоплівае падзеі 1608—1700 і складзены, як мяркуецца, былым запарожцам, што дажываў свой век у Межыгорскім манастыры каля Вышгарада (Кіеўшчына). Складаецца з 41 расказа, у якіх шмат звестак пра сял.-казацкія выступленні, вызваленчую вайну 1648—54, пра стыхійныя бедствы. Складзены ў 1730-х г. невядомым аўтарам летапіс «Кароткае апісанне Маларосіі» асвятляе гісторыю Украіны са стараж. часоў да 1734. Гал. ўвага аддадзена вызваленчай вайне сярэдзіны 17 ст., войнам са шведамі і татарамі. У аснову твора пакладзены казацкі летапіс Р.Г.Грабянкі, новыя факты ў «Апісанні» сустракаюцца пераважна ў звестках за 1730-я г., калі аўтар выкарыстоўвае ўласныя назіранні і сведчанні відавочцаў. Аўтар, відаць, належаў да казацкай старшыны, бо негатыўна ставіцца да антыфеад. рухаў, абараняе прывілеі вярхоў казацтва. Лізагубаўскі летапіс складзены ў 1742 генеральным абозным Я.Я.Лізагубам. Яго крыніцамі пра выкладанні падзей да канца 17 ст. былі казацкія летапісы, з 1690-х г. — сямейныя запісы Лізагубаў. У летапісе змешчаны невял. расказы па асобных сюжэтах: пра гетманаў, удзел казакоў у Паўн. вайне 1700—21, пабудову Кіева-Пячэрскай крэпасці і інш. Казацкая старшына паказана як лаяльная да царскага ўрада, але аўтар адстойвае ідэю аўтаноміі Украіны. «Хроніка Матронінскага манастыра» — кароткі казацкі летапіс, складзены ў Матронінскім Троіцкім манастыры каля Чыгірына. Ахоплівае 1516—1749, перавагу аддае казацкаму руху, барацьбе за гетманскую ўладу. У 1777 у Пецярбургу В.Р.Рубан выдаў «Кароткі летапіс Малой Расіі з 1506 па 1770 год». Гэты твор — кампіляцыя звестак з розных летапісаў і хронік 16—18 ст., у ім выкарыстана «Кароткае апісанне Маларосіі», пасля выкладзены падзеі 1735—70, прыведзены спісы розных адм. асоб.

Літаратура:

Летопись монастыря Густынского // Чтения в О-ве истории и древностей Российских. 1848. № 8;

Южнорусские летописи. Т. 1. Киев, 1856;

Летопись Самовидца по новооткрытым спискам. Киев, 1878;

Сборник летописей, относящихся к истории Южной и Западной Руси. Киев, 1888;

Бевзо О.А. Львівський літопис і Острозький літописець. Київ, 1971;

Мыцык Ю.А. Украинские летописи XVII в. Днепропетровск, 1978;

Яго ж. «Літописец» Дворецких — памятник украинского летописания XVII в. // Летописи и хроники. М., 1984;

Апанович Е.М. Рукописная светская книга XVIII в. на Украине. Киев, 1983;

Ковальский Н.П., Мыцык Ю.А. Украинские летописи // Вопросы истории. 1985. № 10;

Софонович Ф. Хроніка з літописців стародавніх. Київ, 1992;

Полное собрание русских летописей. Т. 40. Густынская летопись. СПб., 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.