Артыкулы: Ліпінскі (Липинський) Вячаслаў Казіміравіч

Ліпінскі (Липинський) Вячаслаў Казіміравіч [Вацлаў Вікенцій; 5(17).4.1882, с. Затурцы Уладзімірскага пав., Валынь—14.6.1931], украінскі гісторык, палітычны дзеяч. З польскага шляхецкага роду. Пасля навучання ў гімназіях служыў у рас. арміі. Вучыўся ва ун-тах Кракава (1903—06) і Жэневы (1906—07). Вёў гаспадарку ва ўласным маёнтку на Уманшчыне. Яшчэ ў гімназічныя гады далучыўся да ўкр. незалежніцкага руху. Выступаў за аднаўленне ўкр. дзяржавы, імкнуўся далучыць да гэтага працэсу польскую і спаланізаваную шляхту, што жыла на ўкр. землях (брашура «Шляхта на Украіне: яе ўдзел у жыцці народа на фоне яго гісторыі», «Szlachta na Ukrainie: Udział jej w życiu narodu na tle jego dziejów», Кракаў, 1909). З 1908 супрацоўнічаў з укр. газетай «Рада». Рэдактар калектыўнай кнігі «З гістрыі Украіны» («ZdziejówUkrainy», Кіеў, 1912), у якую ўвайшлі яго працы «Назва Русь і Украіна і іх значэнне», «Станіслаў Міхаіл Крычэўскі», «Багданавым шляхам», «Дакументы Руіны» і інш. У працы, прысвечанай Крычэўскаму — спадвіжніку гетмана Багдана Хмяльніцкага, які паходзіў з Беларусі, Л. на шырокім гіст. фоне паказаў укр. вызваленчы рух у сярэдзіне 17 ст., ролю ў ім выхадцаў з ВКЛ, ваенныя дзеянні казакоў на тэрыторыі Беларусі. У 1914—17 Л. служыў у рас. арміі. Урадам гетмана П.Скарападскага ў 1918 прызначаны паслом Украіны ў Аўстра-Венгрыі і заставаўся на гэтай пасадзе да 1919. Пасля ў эміграцыі ў Аўстрыі. Выступаў за стварэнне Укр. дзяржавы як спадчыннай манархіі на чале з гетманам, прататып якой бачыў ва Укр. казацкай дзяржаве, што ўзнікла ў выніку нац.-вызваленчай барацьбы ў сярэдзіне 17 ст.

Творы:

Данило Братковський — суспільний діяч і письменник кінця XVII століття // Літературно-науковий вістник. Київ; Львів, 1909. Т. 45. Кн. 2;

Генерал артилерії в. кн. Руського: (З архіву Немиричів) // Записки Наукового товариства імени Шевченка. Львів, 1909. Т. 87;

Аріянський соймик в Киселині на Волині в маю 1638 р.: (Причинок до історії аріянства на Україні) // Там жа. 1910. Т. 96;

Повне зібрання творів, архів, студії: Архів, листування. Т. 1. Київ; Філадельфія, 2003.

Літаратура:

Гирич І.Б. Лицар української державності: (Нарис життя і діяльності Вячеслава Липинського) // Архіви України. 1992. № 1—3;

В’ячеслав Липинський: історико-політологічна спадщина і сучасна Україна. Київ; Філадельфія, 1994;

Масненко В. Історичні концепції М.С.Грушевського та В.К.Липинського. Київ; Черкаси, 2000;

Бундак О.А. Вячеслав Липинський: погляд крізь віки // Асоба ў гісторыі: Матэрыялы Другой міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечанай памяці прафесара У.У.Мелішкевіча (Брэст, 12—13 лістапада 2004 г.). Брэст, 2006;

Gancarz B. My szlachta ukraińska: Zarys życia i działalności Wacława Lipińskiego, 1882—1914, Kraków, 2006;

Осташко Т.С. В’ячеслав Липинський: постать на тлі доби // Український історичний журнал. 2007. № 2.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.