Артыкулы: Ліпніцкі Станіслаў Ян
Ліпніцкі Станіслаў Ян (каля 1615—да 17.10.1681), ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду герба «Галобак» з Мазырскага павета. У 1632 удзельнічаў у элекцыі караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV. З 1635 служыў у войску. У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 паручнік казацкай харугвы Зыгмунта Слушкі, надворнага харужага ВКЛ, у час яго адсутнасці камандаваў палком падчас выправы 1654 гетмана Януша Радзівіла супраць маскоўскіх войскаў. У баях пад в. Палонна разбіў 2 атрады маскоўскіх войск, пасля вымушаны адступіць да галоўнага лагера пад Оршай. У 1655 удзельнічаў у абароне Вільні, пасля яе здачы адмовіў у паслушэнстве Радзівілу, які пайшоў на заключэнне саюза са Швецыяй. Л. са сваімі войскамі адышоў пад Коўна, пасля на мяжу з Прусіяй. Далучыўся да Вярбілаўскай канфедэрацыі 1655 войска ВКЛ, якая абвясціла пра захаванне вернасці каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Яну ІІ Казіміру. Пасля смерці Радзівіла Л. атрымаў 2 былыя радзівілаўскія стараствы (Сейвы, Віжаны). У 1656 ваяваў у складзе дывізіі Паўла Яна Сапегі. У 1659 удзельнічаў у пераможнай бітве са шведамі пад Салатамі ў Гарадзенскім ваяв., узяў у палон генерала Адэркаса, пасля ачышчаў ад шведаў Курляндыю. У 1660 удзельнічаў у вызваленні бел. земляў ад войск князя І.А.Хаванскага, у Палонкаўскай бітве 1660, заняў Мірскі замак. У 1661 камандаваў палком. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1673, дзе цяжка паранены. Маршалак мазырскі з 1658, пасол на соймы 1667 і 1668 (канвакацыйны). За шматгадовую вайсковую службу ў 1676 атрымаў ад сойма 30 тыс. злотых, забяспечаных на маёнтках у Троцкім пав.
Літаратура:
Касажэцкі К. Кампанія 1660 году ў Літве // Arche = Пачатак. 2006. № 6;
Бабятынскі К. Ад Смаленску да Вільні: Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.) // Там жа. 2008. № 7—8.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


