Артыкулы: «Літоўскі летапіс»
«Літоўскі летапіс», умоўная назва летапіснага твора, які, паводле меркавання У.Ц.Пашуты, напісаны ў сярэдзіне 13 ст. ў адным з праваслаўных манастыроў Новагародка ці яго ваколіц і адлюстроўваў працэс утварэння ВКЛ. Мяркуецца, што «Л.л.» складаўся з серыі жаццяпісаў літ. князёў: пра княжанне і забойства Міндоўга і Траняты, княжанне Войшалка, Шварна і Трайдзеня. На падставе таго, што ў гэтых звестках важным цэнтрам з’яўляўся Новагародак і адзначана, што Войшалк «хрысціўся тут, у Новагародку», Пашута лічыў верагодным месцам стварэння «Л.л.» Новагародак або манастыр «паміж Літвою і Новагародкам», што заснаваў Войшалк на р. Нёман. Даследчык адзначаў, што «літ.» звесткі маюць асаблівую «праваслаўна-рытарычную» форму, і выказаў меркванне, што «Л.л.» карыстася валынскі летапісец, такім чынам, звесткі з «Л.л.» трапілі ў Галіцка-Валынскі летапіс. Існаванню «Л.л.» запярэчыў В.Д.Каралюк, які адзначыў, што звесткі Галіцка-Валынскага летапіса, што адносяцца да гісторыі Літвы, не складаюць ні па форме, ні па зместу адзінага літаратурнага цэлага, амаль не адлюстроўваюць падзей унутрыпалітычнага развіцця Літ. княства. Супраць гіпотэзы пра існаванне «Л.л.» выказаўся А.А.Зімін, які лічыў, што «літ.» звесткі Галіцка-Валынскага летапіса не маць асаблівага стылю і моўных асаблівасцей і не адлюстроўваюць разнастайных падзей Літ. княства. Пытанне пра верагоднасць «Л.л.» застаецца адкрытым.
Літаратура:
Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950. С. 113—121;
Яго ж. Образование Литовского государства. М., 1959. С. 37—42;
Вилкул Т. О некоторых источниках литовских известий Галицко-Волынской летописи // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos šaltiniai: Faktas. Kontekstas. Interpretacija. Vilnius, 2007.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


