Артыкулы: Люблінская Троіцкая капліца

Люблінская Троіцкая капліца. Пабудавана як замкавы касцёл у Любліне ў стылі малапольскай готыкі. Упершыню ўпамінаецца ў 1325—27. У 14 ст. быў 1-яруснай пабудовай з крыптай (прызначалася для пахаванняў). Меў квадратны неф, да якога далучаны прамавугольны прэсбітэрый з 3-граннай апсідай. У 1407 па загаду польскага караля Ягайлы перабудавана як 2-ярусны касцёл. Цэнтральны слуп у нефе падтрымлівае зорчатыя нервюрныя скляпенні. Звонку касцёл быў умацаваны контфорсамі. Меў стромкі 2-схільны дах, які абапіраўся на прыступкавыя франтоны. У 16 ст. ўваход аформлены новым рэнесансным парталам. У сярэдзіне 17 ст. пабудаваны шчыт франтона ў стылі люблінскага рэнесансу. Па загаду Ягайлы ў 1410-х інтэр’еры касцёла распісаны фрэскамі ў візантыйска-рус. стылі. Працы па размалёўцы скончаны ў 1418, што адзначана ў адмысловым кірылічным надпісе. У ім жа названы кіраўнік мастацкай арцелі — майстар Андрэй. У інш. надпісах упамінаюцца майстры Кірыла і Юшка. Мяркуецца, што мастакі арцелі паходзілі з укр. і бел. зямель, што ўваходзілі ў склад Польскага каралеўства і ВКЛ. Роспісы пакрываюць усе сцены і скляпенні капліцы, выкананы ў тэмперай на сырым і сухім тынку. Сярод рэлігійных сюжэтаў змешчаны 2 партрэты Ягайлы, адзін з іх конны. У пач. 19 ст. касцёл ператвораны ў турэмную капліцу, пры гэтым звонку і ўнутры ён быў атынкаваны. У 1897 адкрыты фрагменты размалёўкі, у 1950—90-х г. яна раскрыта цалкам. Падмуркі капліцы ўмацаваны бетонам, а скляпенні — стальнымі канструкцыямі і ўглевалакном. Роспісы Л.Т.к. — унікальны помнік манументальнага мастацтва Польшчы і ВКЛ, адзіны захаваны з некалькіх візантыйска-рус. роспісаў, створаных па загаду Ягайлы ў пач. 15 ст.

Літаратура:

Kaplica Trójcy Świętej na zamku lubelskim: Historia, teologia, sztuka, konserwacja. Lublin, 1999;

Różycka Bryzek A. Freski bizantyńsko-ruskie fundacji Jagiełły w kaplicy zamku lubelskiego. Lublin, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.