Артыкулы: «Аповесць пра цуды Віленскага крыжа»
«Аповесць пра цуды Віленскага крыжа» («Повесть о чудесах честного и животоворящего креста, иже взят в литовском граде Вильне сыном боярским арзамаским Василием Микулиным и принесен во град Муром, иже изволил быть в девичье монастыре Живоначальныя Троицы»), старажытнарускае сказанне пра мурамскую правасланую святыню — Віленскі крыж. Напісана ў канцы 17 ст. або ў 1-й пал. 18 ст. У аповесці рассказваецца, як арзамаскі сын баярскі Васіль Сяргееў сын Мікулін у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у час узяцця Вільні ў 1657 (на самой справе ўзяцце адбылося ў 1655) увайшоў у разрабаваны войскам храм і знайшоў на падлозе абаронены кімсці сярэбраны пазалочаны крыж, упрыгожаны каштоўнымі каменямі і жэмчугам. На радзіме аднойчы пачуў ва сне голас, што крыж хоча быць у Мурамскім Троіцкім манастыры, які незадоўга перад тым збудаваў мясцовы купец Тарас (Багдан) Барысаў сын Цвятноў. У 1658 Мікулін з’явіўся у Мураме, знайшоў Цвятнова і перадаў яму крыж, паведаміўшы яго гісторыю. У 1659 Мікулін у бітве пад Канатопам трапіў у татарскую няволю, маліўся ў думках Віленскаму крыжу і паспяхова збег з Крыма. Аповесць заканчваецца паведамленнем, што Мікулін прыехаў у Мурам памаліцца крыжу за сваё шчаслівае вызваленне. Аповесць — цікавы помнік мясцовай агіяграфіі, напісаны выразнай, сакавітай мовай.
Публікацыі:
Повесть о чудесах Виленского креста // Библиотека литературы Древней Руси. СПб., 2006. Т. 15.
Літаратура:
Брун Т.А. Муромская «Повесть о чудесах Виленского креста» // Труды Отдела древнерусской литературы. Л., 1979. Т. 34;
Яе ж. О датировке «Повести о чудесах Виленского креста» // Герменевтика древнерусской литературы. М., 1989. Сб. 2;
Руди Т.Р. Еще раз о датировке «Повести о чудесах Виленского креста» // Труды Отдела древнерусской литературы. СПб., 1999. Т. 51.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


