Артыкулы: Ляхніцкі Ігнацы Раман
Ляхніцкі Ігнацы Раман (1755—каля 1830), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын вількамірскага стольніка Юзафа Ляхніцкага, брат Антонія Дызмаса Ляхніцкага. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, за дысертацыю «Асноўныя палажэнні ўсеагульнай філасофіі» («Proposicionesexphilosophiauniversa», Вільня, 1772) атрымаў ступені магістра вольных мастацтваў і д-ра філасофіі. Служыў у войску ВКЛ, палкоўнік (1788). Пасля паступіў на службу да вял. гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага, маршалак яго двара ў Слоніме, быў дарадчыкам у маёнткавых і паліт. справах. Па прапанове гетмана пераклаў на польскую мову для Слонімскага тэатра трагедыю Вальтэра «Альзіра, альбо Амерыканцы» (Варшава, 1780). Пераклад празаічны, без асаблівых літаратурных вартасцей. Паводле меркавання А.Цеханавецкага, Л. Мог быць сааўтарам гетмана ў напісанні вершаваных твораў. У 1788 пад чужым прозвішчам Л. едзіў ад імя Агінскага і Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку ў Берлін да Фрыдрыха-Вільгельма ІІ з паліт. прапановамі, накіраванымі супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і імператрыцы Кацярыны ІІ, але паразумення не знайшоў. Пакінуў ваенную і прыдворную службу, займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку Ляхнаў каля Гародні. У 1792 купіў у Агінскага маёнткі Грайна, Зарубічы, частку Целяхан. Вількамірскі лоўчы ў 1789—92, стольнік у 1792—93. На Гарадзенскім сойме 1793 уведзены ў склад Скарбовай камісіі ВКЛ. У час паўстання 1794 член Гарадзенскай парадкавай камісіі, віцэ-прэзідэнт Гародні. Пасля 3-га падзелу Рэчы паспалітай (1795) выконваў абавязкі ўпаўнаважанага адсутнага ў краі Агінскага, прынёс за яго прысягу рас. уладам. У сваіх маёнтках рэфармаваў сялянскія павіннасці, што прадугледжвала заключэнне «добраахвотных» дагавораў, адчыняў школы. Сваі асветніцкія погляды выклаў у брашуры «Віяграфія валашаніна, які жыве на берагах Нёмана вышэй Ласосны» («BiografiawłościaninanadbrzegamiNiemnapowyżey Łosośnejmieszkającego», Варшава, 1815). З 1811 старшыня гранічнага суда Гродзенскага пав., член Варшаўскага сельскагаспадарчага таварыства. Падтрымліваў палітыку Міхала Клеафаса Агінскага на пошук паразумення ў імператарам Аляксандрам І у справе адраджэння ВКЛ у складзе Рас. імперыі. У час вайны 1812 далучыўся да канфедэрацыі ВКЛ, член Гродзенскай адміністрацыйнай палаты. У 1813 член Цэнтральнай камісіі ваенных павіннасцей Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ. і Беластоцкай вобл. У 1818 быў аднім з заснавальнікаў Друкарскага таварыства ў Вільні. Належаў да масонскіх ложаў.
Літаратура:
Żytkowicz L. Rządy Repnina na Litwie w latach 1794—1797. Wilno, 1938;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме. [2 выд.] Мн., 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне