Артыкулы: Маліноўскі Антанін
Маліноўскі Антанін (24.11.1742, Гарадзенскі пав.—пач. 1816), дзеяч каталіцкай царквы, паэт, прапаведнік. Паходзіў з падляшскага шляхецкага роду герба «Побуг». Брат Караля Маліноўскага. У 1755 уступіў у Гародні ў ордэн дамініканцаў, манаскія зарокі прыняў у Забелах у 1758, вучыўся ў Забельскім дамініканскім калегіуме 11 гадоў, пасля выкладаў у ім тэалогію. 8 гадоў быў місіянерам, пасля год прапаведнікам у Віленскім кляштары дамініканцаў. У 1775 як прадстаўнік ордэна дамініканцаў пасланы ў Варшаву на судовы працэс супраць спадчыннікаў Міхала Тышкевіча, які фундаваў кляштар у Гошчаве. Блізкі супрацоўнік біскупа Адама Нарушэвіча, распаўсюджваў яго «Гісторыю польскага народа». У адказ Нарушэвіч рабіў М. партэкцыю ў караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Быў прыорам Гарадзенскага кляштара дамініканцаў, у 1781 атрымаў ступень д-ра тэалогіі, месца прыдворнага тэолага караля і пасаду біскупа-суфрагана жамойцкага (тытулярны біскуп цынненскі). Адначасова з 1791 пробашч касцёла на Новым Месце ў Варшаве. Дапамагаў брату Каралю выдаваць газету «KorespondentWarszawskiiZagraniczny». У паўстанні 1794 актыўнай ролі не адыгрываў, з цяжкасцю аддаў на яго мэты касцельнае серабро. Зняў біскупскія сакры з прыгавораных да смерці біскупаў Юзафа Касакоўскага і Ігнація Масальскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай застаўся жыць у Варшаве, хоць страціў пасаду пробашча. Аўтар акалічнасных і жартоўных вершаў, выдаў «Казанне пры пачатым Трыбунале ВКЛ» («Kazanie przy rozpoczętym Trybunale W. X. Lit.», Вільня, 1774), «Навука пра юбілей з далучэннем розных малітваў» («Nauka o jubileuszu z przydaniem różnych modlitw», Вільня, 1776).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


