Артыкулы: Маліноўскі Кароль

Маліноўскі Кароль (19.1.1741, Падляшша—пасля 1796), дзеяч каталіцкай царквы, паэт, педагог, журналіст. Паходзіў з падляшскага шляхецкага роду герба «Побуг». Брат Антаніна Маліноўскага. Пачатковую адукацыю набыў у Гарадзенскім езуіцкім калегіуме. У 1755 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў. Вучыўся ў Вільні (1755—57, 1761—66, 1769—70), Слуцку (1757—59), Гародні (1766—69). Праф. у Новагародку (1759—60), Гародні (1761), выкладаў у Віленскім «Калегім нобіліум» французскую мову, геаметрыю, рыторыку, паэтыку, геаграфію (1770—72). У 1762 выдаў зборнік вершаў на пашану біскупаў жамойцкага Яна Дамініка Лапацінскага і віленскага Ігнація Масальскага. У 1771 з выпадку замаху на караля Станіславага Аўгуста Панятоўскага, ажыццёленага барскімі канфедэратамі, выдаў паэму «Верш да атрыманага паведамлення аб поўным выздараўленні найяснейшага Станіслава Аўгуста...» («Wiersz po odebranej wiadomości o zupełnym ozdrowieniu Najjaśniejszego Stanisława Augusta...»). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) атрымаў парафію Новы Двор каля Гародні. У 1774 прызначаны біскупам Масальскім візітатарам парафіяльных школ у Адукацыйнай камісіі. Безвынікова намагаўся адчыніць уласную друкарню ў Гародні, з 1775 кіраваў Гарадзенскай друкарняй Антонія Тызенгаўза, супрацоўнічаў з газетай «Газэта Гродзеньска». Штогод складаў «Гарадзенскі каляндар». У 1780—87 выкладаў у Гарадзенскай школе Адукацыйнай камісіі. У 1790 атрымаў пенсію, у 1792 — ганаровы тытул каноніка жамойцкага. У 1792—96 разам з інш. асобамі выдаваў у Варшаве газету «Korespondent Warszawski i Zagraniczny» (потым называлася «Korespondent Krajowy i Zagraniczny», «Pismo Periodyczne Korespondent», «Korespondent Narodowy i Zagraniczny»), змяшчаў у ёй уласныя вершы. Вітаў у газеце прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791, варожа сустрэў прыход да ўлады Таргавіцкай канфедэрацыі, што быў судом адсунуты ад працы ў газеце (аднак судовы вырак не быў выкананы), рашуча падтрымаў паўстанне 1794. Газета была зачынена прускімі ўладамі. Далейшы лёс М. не вядомы.

Літаратура:

Łossowska-Zaporowska I. Korespondent Warszawski 1792—1796 // Materiała i Studia do Historii Prasy i Czasopiśmiennictwa Polskiego. Warszawa, 1969. Z. 14.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.