Артыкулы: Мальтыйскі ордэн

Мальтыйскі ордэн, Мальтанскі закон; Іерусалімскі, Родаскі і Мальтыйскі суверэнны рыцарскі шпітальны ордэн св. Іаана, духоўна-рыцарская арганізацыя і дзяржава. Узнік як брацтва пры шпіталі св. Іаана ў Іерусаліме, заснаваным італьянскімі купцамі з Амальфі каля 1070 (адсюль назва членаў ордэна — іааніты, шпітальнікі, гаспітальеры). З-за неабходнасці супрацьстаяць турэцкім нападам брацтва ператварылася ў рыцарскі ордэн, статут якога зацверджаны рымскім папам у 1113. На чале ордэна стаяў вял. магістр. Члены ордэна насілі чорныя плашчы з белым крыжам на левым баку. Ордэн стаў значнай ваеннай сілай, набыў вял. зямельныя ўладанні на Блізкім Усходзе і ў Еўропе, дзе меў падраздзяленні (прыяраты, камандорыі). Пасля падзення Іерусалімскага каралеўства ў 1291 ордэн асеў на Кіпры, а ў 1309 здабыў востраў Родас, дзе заснаваў дзяржаву. Пасля доўгай абароны ад туркаў у 1522 ордэн пакінуў Родас, у 1530 атрымаў ад імператара Карла V востраў Мальту. Іааніты вялі барацьбу з Турцыяй, змагаліся супраць піратаў. Канфіскацыя многіх ордэнскіх маёнткаў у Еўропе ў выніку Рэфармацыі, Вял. Французскай рэвалюцыі і заняцце Мальты англічанамі ў 1800 выклікала гасп. і ваенны заняпад М.о.

У Беларусі М.К.Радзівіл Сіротка 20.11.1610 заснаваў для свайго сына Ж.К.Радзівіла родавую Сталавіцкую камандорыю ордэна ў складзе маёнткаў Сталавічы (цяпер у Баранавіцкім р-не) і Пацейкі (цяпер у Капыльскім р-не); права прадстаўлення на яе належала нясвіжскім ардынатам. Сталавіцкімі камандорамі былі: Ж.К.Радзівіл (1616?—42), М.У.Юдзіцкі (1642—69), Г.А.Любамірскі (1669—88?), К.М.Пац (1688—1719), М.С.Дамброўскі (1728—40), Я.Е. дэ Сакс (сын Аўгуста ІІ; 1741?—64), Б.І.Стэцкі (1764—76), Л.М.Радзівіл (1776—1809), Л.Л.Радзівіл (1809—10). У 1670-х г. рабіў захады па заснаванні родавай камандорыі каля Сувалкаў канцлер ВКЛ К.Ж.Пац. Мальтыйскімі рыцарамі былі некаторыя бел. шляхціцы. У 1774 у Рэчы Паспалітай створаны вял. прыярат Польшчы і Літвы з 6 камандорыямі, таксама дазволена заснаванне 8 новых родавых камандорый. Сярод першых для генерала артылерыі ВКЛ К.Н.Сапегі створана камандорыя св. Паўла (маёнтак Высокае). Родавыя камандорыі залажылі: стараста інфлянцкі, кашталян троцкі, падканцлер ВКЛ К.К.Плятэр (маёнтак Кальнік у Кіеўскім ваяв.), стараста бабруйскі, абозны ВКЛ М.Лопат (маёнтак Горваль у Рэчыцкім пав.), кашталян троцкі, пісар ВКЛ, ген.-лейтэнант Ю.В.Плятэр (маёнтак Талачын). У 19 ст. ўсе родавыя камандорыі скасаваны.

Падрабязнасці:

Karwowski Stanisław. Komandorya i kościół św. Jana Jerozolimskiego w Poznaniu. Poznań, 1910. 104 s.

Podręcznik Związku Polskich Kawalerów Maltańskich. Warszawa, 1932. 156 s., il.

Czerwiński Paweł. Zakon Maltański i stosunki jego z Polską na przestrzeni dziejów. Szkic historyczny. London, [1964]. 204 s., il.

Szczesniak Boleslaw B. The Knights Hospitallers in Poland and Lithuania. The Hague; Paris: Mouton, 1969. 106 p., il.

Lange Tadeusz Wojciech. Szpіtalnіcy, joannіcі, kawalerowіe maltańscy. 2 wyd. Warszawa: Bellona, 1999. 176 s., il.

Zakon Maltański w Polsce. Praca zbiorowa pod redakcją Stefana K. Kuczyńskiego. Warszawa: DiG, 2000. 289 s., il.

Захаров В.А. Мальтийский орден. Библиография. Издание второе, исправленное и дополненное. М.: Огни, 2003. 236 с.

Захаров В.А. Мальтийский орден. История и современность. Книга первая. Главы 1—24. М.: Огни, 2003.

Захаров В.А. Мальтийский орден. История и современность. Книга вторая. Главы 25—38. М.: Огни, 2003. 258 с.

Захаров В.А., Чибисов В.Н. История Мальтийского ордена. М.: Вече, 2012. 415 с., ил.

The Orders of St. John and their ties with polish territories. Warsaw: The Royal Castle in Warsaw — Museum, 2014. 362 p., il.

Joannici i ich związki z ziemiami polskimi / Redakcja naukowa: Przemysław Deles i Przemysław Mrozowski. Warszawa, 2014.

Пазднякоў Валерый. Радзівіл Сіротка і ўстанаўленне сувязей з Мальтыйскім ордэнам // Беларусіка=Albaruthenica. 15. На шляхах да ўзаемаразумення. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. С. 172—177.

Пазднякоў В. Скасаванне Сталавіцкай камандорыі Мальтанскага Закона ў першай палове ХІХ ст. // Дзеля Бога і Вялікага Княства даўняй Рэчы Паспалітай. Становішча шляхты, духавенства і сялянаў каталіцкага веравызнання на землях ВКЛ у XVIII—першай палове ХХ ст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі [Мінск, 3—4 красавіка 2004 г.]. Менск-Літоўскі, 2005. С. 18—27.

Пазднякоў В.С. Пачатак гісторыі Мальтыйскага закона ў Беларусі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. № 12. Археалогія эпохі сярэдневякоўя. Да 75-годдзя з дня нараджэння П.Ф.Лысенкі. Мінск: ДНУ "Інстытут гісторыі НАН Беларусі", 2006. С. 225—231.

Пазднякоў В.С. Сталавічы – маёнтак Мальтыйскага ордэна ў Беларусі ў XVII—XIXстст. // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны. Зборнік навуковых прац у гонар 70-годдзя Міхаіла Фёдаравіча Спірыдонава. Мінск: Беларуская навука, 2007. С. 89—104.

Пазднякоў В.С. Дакументы па гісторыі Мальтыйскага ордэна XVII—XIX стст. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі // Сучасныя праблемы дакументазнаўства, архівазнаўства і археаграфіі: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю Дзяржаўнай архіўнай службы і 80-годдзю Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (Мінск, 12 красавіка 2007 г.). Мн.: БелНДІДАС, 2007. С. 127—132.

Пазднякоў В.С. Мальтыйскі ордэн у сучаснай расійскай і беларускай гістарыяграфіі // Праблемы гістарыяграфіі, крыніцазнаўства, архівазнаўства і археаграфіі ў Беларусі. Матэрыялы «круглага стала», прысвечанага 60-годдзю з дня нараджэння прафесара У.М.Міхнюка. Мн.: БелНДІДАС, 2008. С. 55—59.

Пазднякоў В.С. Шляхцічы Берасневічы супраць князёў Радзівілаў (старонка з гісторыі Мальтыйскага ордэна ў Беларусі ў XVI—XIX стст.) // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Мінск: БелНДІДАС, 2008. Вып. 6. С. 182—187.

Пазднякоў Валерый. З гісторыі Мальтанскага Закону на Беларусі: рыцар i камандор Мікалай Уладзіслаў Юдыцкі (1642—1669) // Silva rerum nova. Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Я. Галенчанкі. Vilnius: Aidai; Miensci: Athenaeum, MMIX. С. 204—208.

Пазднякоў В.С. Генеалагічныя заметкі пра род князёў Вішнявецкіх і справа Астрожскай ардынацыі Мальтыйскага ордэна (невядомы мінскі рукапіс канца XVII ст.) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 17. Мінск, 2016. С. 229—234.

© Валерый Пазднякоў, 2006+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.