Артыкулы: мангола-татарскія напады
мангола-татарскія напады. Напады мангола-татарскіх атрадаў сталі важным фактарам ранняй гісторыі ВКЛ. У 1239 войска хана Батыя нанесла скрышальны ўдар на Чарнігаўскім княстве. Відаць, тады быў разбураны і Гомель, у культурным пласце якога пры археалагічных раскопках прасочваецца слой пажарышча гэтага часу. У 1240 мангола-татары захапілі і разрабавалі Кіеў, пасля Уладзімір і Галіч. Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што вясной 1241 каля Берасця нельга было «выйсці ў поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Відаць, гэта было наступствам паходу мангола-татарскага атрада. Землі Галіцка-Валынскага княства неаднаразова станавіліся аб’ектам мангола-татарскіх нападаў і ў 2-й пал. 13 ст. Адразу пасля вяртання з Цэнтр. Еўропы ў 1243 манголы прадпрынялі супраць яго паход, дайшлі да г. Уладава. Галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька Раманавічы былі вымушаны прызнаць вярхоўную ўладу мангольскіх ханаў і плацілі ім даніну. Гэты пабор — татаршчына — збіраўся з бел. зямель Пабужжа і на Пд ад Прыпяці да пач. 16 ст. Некаторыя землі Галіцка-Валынскага княства ўвайшлі ў непасрэднае падпарадкаванне мангольскай адміністрацыі. Каб знайсці апору супраць манголаў, Даніла Раманавіч у 1254 прыняў ад рымскага папы каралеўскую карону, аднак рэальнай дапамогі ад яго не атрымаў. Мангольскія ханы варожа сустрэлі ўзвышэнне літ. князёў. Каб перашкодзіць устанаўленню мірных адносін паміж ВКЛ і Галіцка-Валынскім княствам, у 1258 мангольскі военачальнік Бурундай прымусіў галіцка-валынскага кн. Данілу Раманавіча далучыцца да паходу на літ. землі. Асабіста Даніла не паехаў, а паслаў з Берасця свайго брата Васільку. Той злучыўся з манголамі, відаць, пад Новагародкам, пасля яны рушылі ва ўласна Літоўскую і ў Нальшчанскую зямлю. На зваротным шляху манголы разрабавалі зямлю яцвягаў і выйшлі да г. Дарагічын. У адказ літ. князі Войшалк і Таўцівіл адваявалі Новагародак і захапілі ў палон кн. Рамана Данілавіча. Значную ролю адыгралі манголы і ў барацьбе галіцка-валынскіх князёў з ВКЛ у 1270-я г. У 1274 кн. Леў Данілавіч папрасіў дапамогі супраць Літвы ў хана Менгу-Цімура. Той даў яму войска на чале з цемнікам Ягурчынам і загадаў далучыцца «задняпроўскім» князям (бранскаму Раману з сынам Алегам, смаленскаму Глебу і інш.). Кампанія адбылася ўзімку 1274/75. Мангольскае войска, відаць, ішло па левабярэжжы Дняпра, праз бранскія і смаленскія землі, пасля рэзка павярнула на З, на Слуцк. Яму насустрач рухаліся галіцка-валынскія князі Леў, Мсціслаў і Уладзімір, пінскія і тураўскія князі. Праз Тураў яны дайшлі да Слуцка, дзе злучыліся з манголамі і разам рушылі на Новагародак, у якога быў захоплены вакольны горад. Князі, якія не паспелі пад Новагародак, адмовіліся ад далейшага паходу ў літ. землі і вярнуліся. Манголы, відаць, такі паход ажыццявілі. Наступны паход на Літву адбыўся ўзімку 1277/78 па ініцыятыве цемніка Нагая. Па яго патрабаванні да мангольскага войска далучыліся галіцка-валынскія князі Мсціслаў, Уладзімір, а Леў паслаў свайго сына Юрыя. Мэтай паходу зноў быў Новагародак, аднак у Берасці князі даведаліся, што Новагародак ужо захоплены манголамі, і рушылі да Гародні. Відаць, летапісныя апавяданні пра гэтыя паходы сталі крыніцай легенд пра Крутагорскую бітву і Магільнянскую бітву 1284.
Гіст. крыніцы слаба асвятляюць мангола-татарскія напады на землі ВКЛ і суседнія ў 14 ст. Мяркуецца, што ў выніку мангола-татарскага нападу ў 1323 загінулі галіцка-валынскія князі Леў і Андрэй Юр’евічы. У 1333 ардынскае войска на чале з Калантаем і Чырычам і з атрадам бранскага князя хадзіла на Смаленск. Новы паход на гэты горад адбыўся ў 1340 на чале з ардынскім паслом Таўлубіем. Вырашальны ўдар па мангола-татарскіх прэтэнзіях на землі ВКЛ быў нанесены вял. князем літоўскім Альгердам у бітве каля Сініх Вод 1363. Аднак яшчэ доўгі час ВКЛ было аб’ектам мангола-татарскіх рабаўнічых набегаў. У 1416 хан Эдыгей разрабаваў Кіеў; гэта быў апошні буйны напад мангола-татараў ва Усх. Еўропе. У 1430/31, пасля смерці вял. князя літоўскага Вітаўта Айдар, зяць хана Улу-Мухамеда, захапіў Мцэнск, дзе падманам узяў у палон намесніка Рыгора Пратасьева; інш. ардынскія загоны даходзілі да Кіева. Пасля таго, як Арду наведаў пасол новага вял. князя Пётр Мантыгірдавіч, хан адпусціў Пратасьева і палон. Новыя геапалітычныя абставіны склаліся ў Еўропе з утварэннем у канцы 15 ст. Крымскага ханства.
Літаратура:
PuzynaJ. W sprawie pierwszych walk Litwinów z Tatarami o Ruś w latach 1238—1243 // Przegląd historyczno-wojskowy. 1937. Z. 3;
Насонов А.Н. Монголы и Русь. М., 1940;
Krakowski S. Polska w walce z najazdami tatarskimi w XIII wieku. Warszawa, 1956;
Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;
Флоря Б.Н. Орда и государства Восточной Европы в середине XV века (1430—1460) // Славяне и их соседи. М., 2001. Вып. 10.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


