Артыкулы: Манувір Ян Ігнацы
Манувір Ян Ігнацы (?—пасля 1787), майстар сонечных гадзіннікаў, каморнік. Карыстаўся тытулам геаметра Яго Каралеўскай Міласці, фактычна быў каморнікам Менскага ваяв., з 1784 каморнік ВКЛ. У музеях Беларусі (Мінск, Гродна), Літвы і Польшчы захваліся 7 сонечных гадзіннікаў М., вырабленых па заказу Заярскіх (1770), рэчыцкага старасты Альбрыхта Радзівіла (1776), менскага абознага Францішка Аборскага (1777), невядомай асобы (1779), надворнага падкаморыя Францішка Валадковіча (1781), ашмянскага крайчага, бабінавіцкага маршалка Тадэвуша Бучынскага (1781), Ігнацыя Мараўскага і яго жонкі Тэафілы Канстанцыі з Радзівілаў (1785). Не захваўся гадзіннік 1787, зроблены па заказу ротмістра Бучынскага і яго жонкі Мажынскай. Гадзіннікі, вырабленыя са свінца, латуні, волава, некаторыя экземпляры былі распісаны і вызалачаны. Упрыгожаны гравіроўкай, выявамі знакаў задыяку, гербаў заказчыкаў, нясуць панегірычныя і алегарычныя вершаваныя радкі, аўтарскія подпісы майстра. У 1782 М. паднёс каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Станіславу Аўгусту Панятоўскаму сваю працу па вымярэнні часу па сонцу.
Літаратура:
Онищенко А.А., Климка Л.А. Оригинальные солнечные часы мастера XVIII в. И.Манувира // Из истории науки и техники Белоруссии. Мн., 1988;
Kałamajska-Saeed M. Zegary słoneczne Ignacego Manuvira // Roczniki Humanistyczne. 1999. Z. 4. Zeszyt specjalny.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


