Артыкулы: Мануцы Мікалай

Мануцы Мікалай (?, г. Венецыя, Італія—1809), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў з простага роду, хоць тытулаваўся графам. У маладосці жыў у Мадрыдзе (пасябраваў там з Казановай, потым варагаваў з ім) і Парыжу. Прыкладна ў 1772—73 з’явіўся ў Варшаве, устанавіў блізкія сувязі з рас. паслом Оскарам Штакельбергам і каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У 1773 ажаніўся з опсаўскай старасцінай Ядвігай Цеханавецкай з роду Струтынскіх. У 1774 атрымаў ад сойма індыгенат (прызнанне свайго шляхецтва), заснаваны на сумнеўных доказах, і Опсаўскае стараства ў трыманне. Далучыўся да групоўкі Ксаверыя Браніцкага і Ігнація Патоцкага, якія імкнуліся скінуць караля, і разам з імі ездзіў у 1776 у С.-Пецярбург. Устанавіў там кантакты з Рыгорам Пацёмкіным, і стаў яго тайным інфарматарам і памочнікам у вядзенні спраў у Рэчы Паспалітай. Удзел у антыкаралеўскіх планах М. быў раскрыты, і ён стаў аб’ектам нападак Штакельберга і Антонія Тызенгаўза. Шляхам ашуканства зрабіў сваёй уласнасцю мястэчка Богін з вакольнымі вёскамі, што належалі да дзярж. уладанняў. Гэта выклікала моцны рух супраціву мясцовых мяшчан і сялян, для падаўлення якога ў 1791 былі выкарыстаны войскі. У 1792 М. разам сынам Станіславам далучыўся ў Браславе да Таргавіцкай канфедэрацыі і ўдзельнічаў у заснаванні мясцовай канфедэрацыі, а пасля — Канфедэрацыі ВКЛ (стаў членам яе Генеральнасці). У 1793 прызначаны канфедэрацыяй членам Пастаяннай Рады, але не быў зацверджаны на гэтай пасадзе Гарадзенскім соймам 1793. Паўстанне 1794 М. перачакаў за рас. граніцай. У 1795 атрымаў ад рас. імператрыцы Кацярыны ІІ штогадовую выплату ў 1 тыс. дукатаў. Жыў у С.-Пецярбургу, быў блізкай асобай да імператара Паўла І, ад якога ў 1796 атрымаў ва ўласнасць Опсаўскае стараства і пацвярджэнне на маёнтак Казяны. Купіў маёнткі Даўблі, Стаўрова і Бяльмонты на Браслаўшчыне, набыў права трымання Браслаўслаўскага стараства. З 1799 жыў на Браслаўшчыне, займаўся гаспадаркай, пры гэтым значна павялічыў цяжар падаткаў на падданых, якія судзіліся з М. і выйгралі судовы працэс.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.