Артыкулы: Мануцы Станіслаў (Manuzzi Stanisław)

Мануцы Станіслаў (Manuzzi Stanisław) (1773—23.3.1823), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, пасол на соймы, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі, маршалак шляхты Браслаўскага павета.

Сын Мікалая Мануцы і Ядвігі з Струтынскіх. У літаратуры 19—20 ст. была распаўсюджана думка, што сапраўдны бацька С.Мануцы — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (ён пра С.Мануцы ніяк не клапаціўся).

С.Мануцы вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме ў Габрыеля Грубера, сувязі з якім падтрымліваў і надалей. Тут пераклаў гістарычную працу прускага міністра замежных спраў Эвальда Фрыдрыха фон Герцберга (Ewald Friedrich von Hertzberg) «Dysertacyje... z francuskіego na polskі język przez Stanіsława hrabіę Manuzzіego staroścіca opeskіego przetłumaczone» (Вільня, 1788). Разам з бацькам належаў да палітычных праціўнікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1790 абраны ад Браслаўскага павета паслом на Чатырохгадовы сойм 1788—1792. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Разам з бацькам у 1792 далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі: удзельнічаў у заснаванні мясцовай канфедэрацыі Браслаўскага павета (28.5.1792), увайшоў у склад Генеральнасці Канфедэрацыі ВКЛ (20.6.1792), а пасля — у склад Генеральнасці Канфедэрацыі Абодвух Народаў (11.9.1792). Удзельнічаў у дзейнасці канфедэрацкіх судоў. Выступаў за рашучую барацьбу з праціўнікамі Таргавіцкай канфедэрацыі. У лютым 1793 увайшоў у склад дэпутацыі па гарадскіх пытаннях. Як пасол з Інфлянтаў удзельнічаў у Гарадзенскім сойме 1793, дзе абраны ў склад Вайсковай камісіі ВКЛ. З пачаткам паўстання 1794 М. схаваўся за расійскай граніцай. У 1796 атрымаў ад імператрыцы Кацярыны ІІ штогадовую выплату ў 600 дукатаў. Пры Паўле І жыў С.-Пецярбургу, належаў да бліжэйшага атачэння імператара. Варагаваў з мітрапалітам Станіславам Богушам-Сестранцэвічам. Быў шчыльна звязаны з езуітам Габрыелем Груберам, дзейнічаў на карысць езуітаў. Пасля смерці Паўла І Мануццы страціў палітычны ўплыў і вярнуўся на Браслаўшчыну. У 1812 празначаны французскімі ўладамі подпрэфектам браслаўскім. Быў схоплены расійскім ваенным атрадам і адпраўлены ў Маскву, аднак у 1813 амнісціраваны Аляксандрам І. У 1814 абраны маршалкам шляхты Браслаўскага павета і быў ім да смерці.

Меў шматлікія маёнткі на Браслаўшчыне, якія яму пераказаў каля 1806 бацька і якія пасля атрымаў у спадчыну: Бяльмонты, Опса, Богіна і інш., займаўся льноводствам, пашырэннем школ і бібліятэк для мясцовага насельніцтва, трымаў аркестр.

Памёр ва Уцянах.

Жонка — Канстанцыя, дачка Юзафа Антонія Плятэра (шлюб у лютым 1800). Дзяцей не мелі. Маёнткі Мануццы перайшлі да брата жонкі, Ігнація Вільгельма Плятэра і яго нашчадкаў.

Літаратура:

Hedemann Otto. Graff Manuzzi. Wilno, 1935. 62 s.;

Rostworowski E. Manuzzi Stanisław // PSB.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014

_

Станіслаў Мануцы. Партрэт «w zbiorach wołyńskich portretów» (Ziemia Wołyńska. 1938. Nr 3. S. 46).

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.