Артыкулы: Манчынскі Ян
Манчынскі Ян (каля 1515, в. Здзебендова Серадзьскага ваяв., Польшча—да 1584), палітычны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай, лінгвіст. З шляхецкага роду герба «Свінка». Пачатковую адукацыю набыў у Познані або Сілезіі. З 1537 натарыус у Познані, потым пры двары пазнанскага біскупа Себасцьяна Браніцкага, за кошт якога накіраваны на вучобу за мяжу. У 1543—44 вучыўся ў пратэстанцкім Вітэнбергскім ун-це, дзе пра яго высока адзываўся Філіп Меланхтан, потым у Старсбургу, адкуль праз Парыж і Базель (1545) прыбыў у Цюрых. Тут у 1545—46 вучыўся ў знакамітых лінгвістаў Себасцьяна Пелікана і Тэадора Бібліяндра (Бухмана), пачаў працу над лац.-польскім слоўнікам, а таксама напісаў трактат пра польскую мову (пра яго Бібліяндр пісаў: «Выданне гэтай кнігі... пойдзе на карысць і аздобу... таксама іншых народаў, бо рэч гаворыць сама за сябе, што мову славянскую трэба даследаваць у такіх жа адносінах, памерах, як лацінскую мову або грэчаскую»). У 1547—48 М. вучыўся ў Падуі, пасля наведаў Вітэнберг (1550) і Балонню (1552). З 1552 працаваў у лац. канцылярыі ВКЛ, адначасова сакратар канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. У 1553 у атачэнні Радзівіла, які накіраваўся за жонкай для Жыгімонта ІІ Аўгуста, наведаў Вену. У 1560-х г. ангажыраваны Радзівілам у справу далучэння Інфлянтаў да ВКЛ. На скліканым у 1562 у Рызе з’ездзе саслоўяў М. ад імя Радзівіла вёў з імі перагаворы, якія працягваліся і ў наступны час. За гэту дзейнасць атрымаў ад караля в. Розен у Дынабургскім пав. Увесну 1564 выехаў у Каралявец для друкавання свайго слоўніка «Lexicon Latino-Polonicum», вярнуўся ў 1565. Пасля смерці Радзівіла (1565) пасяліўся ў родным маёнтку Здзебендова. Быў абраны паслом на сойм 1566. З падарожжа ў Германію і Швейцарыю вярнуўся як перакананы прыхільнік Рэфармацыі, хоць пасля займаў шэраг касцельных пасад — каноніка калішскага (1553), серадзьскага (1554—59) і інш. Мяркуецца, што М. напісаў у 1556 вядомы ліст Радзівіла да папскага нунцыя Ліпамана, у якім абгрунтаваў пратэстанцкае веравучэнне (Ліпамана намагаўся схіліць Радзівіла да змагання з Рэфармацыяй). У 1564 ад імя Радзівіла і свайго ўласнага накіраваў да біскупа Станіслава Гозія 2 вял. лісты-трактаты, у якіх бараніў кальвінісцкае веравучэнне і яго правы на існаванне ў Рэчы Паспалітай. У канцы 1560-х г. М. перайшоў у арыянства. Да канца жыцця прымаў актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці, удзельнічаў у сінодах (у т.л. ў 1569 у Бялжыцах), у 1570 разам з Анджэем Фрычам-Маджэўскім прадпрыняў рэлігійна-паліт. акцыю ў падтрымку пратэстантаў на Варашаўскім сойме. Падтрымліваў цесныя сувязі з еўрапейскімі дзеячамі Рэфармацыі, дзеячамі культуры Рэчы Паспалітай (у т.л. з паэтам Янам Каханоўскім), прускім герцагам Альбрэхтам.
Літаратура:
Barycz H. Jan Mączyński, językoznawca i leksykograf: Jego koneksje zagraniczne // Barycz H. Z epoki renesansu, reformacji i baroku: prądy, idee, ludzie, książki. Warszawa, 1971.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


