Артыкулы: Марковіч Якуб (Маркунас Якубас)
Марковіч Якуб (Маркунас Якубас; каля 1550—пасля 1607), друкар. Паходжанне не вядома. Літовец, кальвініст паводле веравызнання. У дакуменце Віленскага гродскага суда 1597 названы інтралігатарам (пераплётчыкам), відаць, гэта была яго першапачатковая і афіцыйная спецыяльнасць. Кнігавыдавецкую дзейнасць пачаў у Вільні ў 1592, калі ён стаў уладальнікам друкарні Віленскага кальвінскага збора. Выдаваў каля 20 кніг, сярод якіх афіцыйныя выданні кальвінскага збора (катэхізіс, канцыянал, «Агенда»), рэлігійна-палемічныя творы (А.Хжонстоўскага «Псіхатопія, або Чысцец ксяндза Станіслава Градзіцка», 1592; Паўла Гілёўскага «Адказ на ядавітыя паклёпы Марціна Чаховіца», 1605), акалічнасныя творы. Друкаваў кнігі на польскай, лац., літ., нямецкай мовах. На літ. мове М. выдаў «Пасцілу» Мікалая Рэя (1600; тытульны ліст аформлены рамкай з маскоўскага «Апостала» 1564). 2 выданні М. пазначаны як выдадзеныя ва Упіце (кніга Сымона Тэафіла Турноўскага «Люстра хрысціянскага богаслужэння ў Польшчы і ў Літве», каля 1603—04) і Жэймах (кніга Гілёўскага «Катэхізіс хрысціянскай царквы», 1605). На думку некаторых вучоных, М. сапраўды выдаў гэтыя кнігі ва Упіце і Жэймах на перасоўным варштаце, іншыя мяркуюць, што яны выйшлі ў Вільні, а ўказанні на Упіту і Жэймы даў па заказу сваіх мецэнатаў. Выданні М. адметныя старанным афармленнем, дрэварытамі, якасным друкам. Атрымліваў для распаўсюджвання кнігі ад пазнанскага кніжнага гандляра Стафана Вінклера.
Літаратура:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław; Kraków, 1959;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 122—127.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


