Артыкулы: Мархоцкі (Marchocki) Мікалай Сцібар

Мархоцкі (Marchocki) Мікалай Сцібар (каля 1570—каля 1636), ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, мемуарыст. Удзельнічаў у падзеях Смутнага часу ў Расіі ў пач. 17 ст. З 1607 ротмістр у атрадзе князя Рамана Ружынскага, што падтрымліваў Ілжэдзмітрыя ІІ. На мяжы 1607—08 пасланы сваімі таварышамі з Кромаў да Лжэдзмітрыя ІІ у Арол з патравабаннем грошаў. У 1609 М. пасланы на сойм у Варшаву з тлумачэннымі сваіх дзеянняў у Масковіі. Непрыхільна сустрэў уваход у Маскоўскую дзяржаву войска караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ, які пачаў аблогу Смаленска. У ліст. 1609 быў паслом да Жыгімота ІІІ ад сваіх паплечнікаў і заключыў з ім пагадненне ад імя прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя ІІ. Пасля смерці Ружынскага (1610) М. на службе ў Аляксандра Збароўскага, у складзе яго палка перайшоў да кароннага гетмана Станіслава Жулкеўскага. Удзельнічаў у Клушынскай бітве 1610, дзе было разбіта маскоўскае войска пад камандаваннем князя Дзмітрыя Шуйскага. У якасці пасла Жыгімонту ІІІ пад Смаленск паведаміў яму пра перамогу. Удзельнічаў у захопе Смаленска і Масквы. У 1611 накіраваны войскам паслом на Варшаўскі сойм, дзе патрабаваў аплаты. На зваротным шляху ў Маскву ў студз. 1612 сустрэў пад Оршай жаўнераў, якія ўтварылі канфедэрацыю з-за нявыплаты грошай, і прымкнуў да іх. У далейшых ваенных дзеяннях у Масковіі ўдзелу не прымаў. Гаспадарыў у сваім маёнтку ў Вісліцкім павеце. Прыкладна з 1633 стараста чхоўскі. У гэты час напісаў успаміны «Праўдзівая гісторыя Маскоўскай вайны», якія ахопліваюць 1607—12. Мемуары М. вылучаюцца літаратурным талентам, дакладнасцю ў апісанні падзей. Упершыню апублікаваны Эвардам Рачынскім у 1841 у Познані. М. збіраў таксама лісты, прамовы і інш. матэрыялы, датычныя адносін Расіі і Рэчы Паспалітай ў 2-й пал. 16—пач. 17 ст. Пакінуў апісанні бітвы пад Цацорай 1620 і Хацінскай бітвы 1621.

Творы:

История Московской войны / Подготовка публ., пер., вводная статья, ком. Е.Куксиной. М., 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.