Артыкулы: Марцін з Радама
Марцін з Радама (?—пасля 1501), дзеяч каталіцкай царквы ВКЛ. У 1467 паступіў у Кракаўскі ун-т. Пасля прыняцця духоўнага сану паміж 1486 і 1495 прыбыў у Вільню. Стаў блізкім супрацоўнікам віленскага біскупа Войцеха Табара. Віленскі канонік з 1495 і дэкан з 1501. Відаць, па прапанове Табара для літургічнай практыкі склаў і выдаў у 1499 у гданьскай друкарні Конрада Баўмгарта спецыяльна для ўжытку ў Віленскай дыяцэзіі кнігу «Агенда, або Пахавальныя боскія свяшчэнныя ўрачыстасці» («Agenda sive Exsequiale divinorum sacramentorum»). У кнізе змешчаны правілы, што дзейнічалі ў дыяцэзіі, і малітвы, якія трэба прамаўляць пры выкананні абрадаў, рытуалаў і ў час працэсій. Гэта было першае друкаванае выданне, прызначанае спецыяльна для ВКЛ. Вылучаецца дасканалым друкам з выкарыстаннем чырвонай фарбы, мае 62 аркушы, упрыгожана амаль 200 ініцыяламі.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


