Артыкулы: Марыконі
Марыконі, шляхецкі род уласнага герба. Паходзілі з Італіі, з сярэдзіны 17 ст. ў ВКЛ, у 1673 атрымалі індыгенат. Асн. маёнткі М. знаходзіліся ў Вількамірскім пав. Найб. вядомыя:
Міхал Тадэвуш (пасля 1720—88), сын Крыштофа, падстолія вількамірскага. Каля 1740 як стараста больніцкі пачаў служыць у падчашага ВКЛ Г.Ф.Радзівіла. Выконваў адм.-гаспадарчыя даручэнні. Стараста памускі з 1747, пасол на соймы 1761, 1764, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1759 (віцэ-маршалак). З 1771 падкаморы вількамірскі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе камісіі па дэлімітацыі граніцы з Расіяй.
Юзаф (пасля 1747—пасля 1794), сын Міхала Тадэвуша. Падстараста вількамірскі. У час паўстання 1794 быў прызначаны зямянскім генерал-маёрам Вількамірскага пав., выставіў уласны атрад кавалерыі. У жн. 1794 удзельнічаў у рэйдзе М.К.Агінскага на Інфлянты, пасля ўзначаліў гэты атрад, давёў яго да Варшавы.
Марцыян (?—пасля 1789). Пісар скарбовы ВКЛ у 1748—90, стараста вількамірскі ў 1773—75.
Бенядзікт Беньямін (?—пасля 1794), сын Марцыяна, старасты вількамірскага і пісара скарбовага ВКЛ. Дзякуючы сваяцкім сувязям з А.Тызенгаўзам зрабіў паліт. кар’еру. Каралеўскі шамбялян з 1773, пасол на соймы 1773—75, 1776 (абраны чл. Пастаяннай Рады), 1780, 1784, 1786 (абраны ў Скарбовую камісію ВКЛ, дзе быў да 1792). Вял. пісар ВКЛ і стараста пінскі з 1777. 24.4.1794 падпісаў у Вільні акт паўстання, чл. Найвышэйшай літоўскай рады (у складзе дэпутацыі бяспекі). З 1.6.1794 чл. Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пры ўзяцці Вільні 12.8.1794 знаходзіўся ў Коўне. Далейшы лёс не вядомы.
Ігнат (?—да 22.8.1823), брат Бенядзікта Беньяміна. Дзякуючы Тызенгаўзу з 1777 стараста берасцейскі (у 1783 прадаў пасаду К.Н.Сапегу), стараста вількамірскі ў 1781—88. Пісар скарбовы ВКЛ з 1790. Пасол на соймы 1778, 1788, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1779. У 1793 прызначаны каралём у Камісію люстрацыі і ліквідацыі літ. войска. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, стаў дэлегатам Вількамірскага пав. ў Найвышэйшай літ. радзе. У 1812 удзельнічаў у мясцовай адміністрацыі, створанай Напалеонам.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


