Артыкулы: Марыя Казіміра дэ ля Гранж д’Арк
Марыя Казіміра дэ ля Гранж д’Арк (28.6.1641, г. Невер—30.1.1716), каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Яна ІІІ Сабескага. Дачка маркграфа Генрыха, капітана швейцарскай гвардыі арлеанскага герцага і Францішкі, ахмістрыні герцагіні Людвікі Марыі Ганзага дэ Невер, будучай каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай. У 1645—46 разам з дваром Людвікі Марыі ездзіла ў Польшчу, паўторна тут з 1652 або 1653. У 1658 дзякуючы пратэкцыі караля і каралевы выйшла замуж за ваяводу кіеўскага Яна Замойскага. У пач. 1660-х г. была ўцягнута ў вял. палітыку, падтрымлівала планы караля па арганізацыі выбараў наступнага манарха пры жыцці дзейснага. Адначасова ўстанавіла шчыльныя кантакты з Янам Сабескім (у 1661 яны прысягнулі адзін аднаму ва ўзаемным каханні). Пасля смерці Замойскага (1665) М.К. хутка выйшла замуж за Сабескага, які пачаў падтрымліваць палітыку каралеўскага двара. Пэўны час М.К. выношвала планы перасялення разам з мужам у Францыю. Перамога Сабескага над татарамі пад Падгайцамі ў 1667 змяніла планы Сабескіх. У сувязі з адрачэннем Яна ІІ Казіміра ад трона Рэчы Паспалітай (1668) М.К. праводзіла палітыку ў падтрымку прафранцузскага кандыдата на трон, якая пацярпела паражэнне — каралём быў абраны Міхал Вішнявецкі. Супраць яго М.К. амаль увесць час інтрыгавала, імкнучыся скінуць яго з трона. Перамога войск Рэчы Паспалітай на чале з Сабескім у Хацінскай бітве 1673 і смерць Вішнявецкага адкрылі дарогу Сабескаму да трона Рэчы Паспалітай (1674). У 1676 каранавана як каралева польская і вял. княгіня літоўская. Францыя не падтрымлівала Яна ІІІ Сабескага, таму М.К. пачала праводзіць антыфранцузскую палітыку і заключыла саюз з Габсбургамі. Выступала за ўмацаванне каралеўскай улады ў Рэчы Паспалітай і ператварэнне яе ў спадчынную. Каралевіча Якуба планавала ажаніць з адной з аўстрыйскіх эрцгерцагінь. Вынікам саюза з Імперыяй быў удзел войск Рэчы Паспалітай у вызваленні аўстрыйскіх зямель ад турэцкіх войск, перамога ў Венскай бітве 1683. Нежаданне Габсбургаў на дынастычны шлюб з польскім каралевічам падштурхнула М.К. да плану ажаніць Якуба з дачкой Багуслава Радзівіла Людвікай Каралінай, што не было рэалізавана. Дзякуючы намаганням М.К., у 1691 заключаны шлюб Якуба з Ядвігай Элеанорай, герцагіняй нойбургскай, сястрой імператрыцы. У 1692 М.К. са згоды Яна ІІІ Сабескага падпісала дагавор з Францыяй, жадаючы атрымаць французскую падтрымку для дынастычных планаў адносна свайго сына Аляксандра. Дачку Тэрэзу Кунегунду М.К. выдала замуж за баварскага курфюрста Максіміляна Эмануэля. Пасля смерці мужа (1696) М.К. спрабавала выставіць як кандыдата на трон Рэчы Паспалітай свайго зяця Максіміляна Эмануэля, а пасля сына Якуба. Урэшце падтрымала абранне Аўгуста ІІ. У 1698 выехала ў Рым, з 1714 жыла ў Францыі, намагалася забяспечыць сваім сынам трон Рэчы Паспалітай. Захавалася шмат лістоў Яна ІІІ Сабескага да М.К. («Марысенькі»), якія лічацца высокім узорам любоўнай эпісталярнай літаратуры.
Літаратура:
Żeleński T. Marysieńka Sobieska. 9 wyd. Lublin, 1983;
Komaszyński M. Maria Kazimiera d’Arquien Sobieska królowa Polski, 1641—1716. 2 wyd. Kraków; Wrocław, 1984.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


