Артыкулы: Марыя Юзэфа Габсбург

Марыя Юзэфа Габсбург (8.12.1699, г. Вена—17.11.1757), каралева польская і вял. княгіня літоўская, курфюрсціна саксонская, жонка караля і вялікага князя Аўгуста ІІІ. Старэйшая дачка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Іосіфа І Габсбурга і Амаліі Гановерскай. Пасля смерці бацькі (1711) М.Ю. разглядалася магчымай спадкаеміцай трона пасля дзядзькі, Карла VI Габсбурга. У 1703 кароль польскі і вял. князь літоўскі Аўгуст ІІ прыбыў у Вену з прапановай шлюбу паміж М.Ю. і яго сынам Фрыдрыхам Аўгустам (будучы Аўгуст ІІІ, на той час меў 7 гадоў). Перашкодай шлюбу былі розныя веравызнанні М.Ю. (каталічка) і Аўгуста (лютэранін), аднак яна была знята з пераходам у 1712 Фрыдрыха Аўгуста ў каталіцтва. Шлюб заключаны 20.8.1719 у Вене. Мэтай Аўгуста ІІ пры заключэнні шлюбу было ўмацаваць свае пазіцыі ў Рэчы Паспалітай з апорай Імперыі ў супрацьвагу Расіі, забяспечыць спадчыннасць трона Рэчы Паспалітай. М.Ю. падтрымала кандыдатуру мужа на трон Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста ІІ (1733). Каранавана як каралева польская і вял. княгіня літоўская адначасова з мужам 20.1.1734. Актыўна ўдзельнічала ў палітыцы, асабіста ўдзельнічала ў соймах. Пасля смерці імператара Карла VI (1740) намагалася забяспечыць мужу карону Свяшчэннай Рымскай імперыі, дзеля гэтага выступала за стварэнне саюза супраць Прусіі. У час Сямігадовай вайны 1756—63 засталася ў акупаваным прусакамі Дрэздзене, дзе і памерла. Вызначалася вял. набожнасцю, надавала багатыя падарункі касцёлам, апеквала езуітаў (падтрымлівала віленскіх езуітаў у 1737—41, калі яны адстойвалі перад піярамі сваё манапольнае права на трыманне школ). Нарадзіла 14 дзяцей.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.