Артыкулы: Марыян з Язёркі

Марыян з Язёркі (каля 1430, в. Язёрка, Польшча—5.8.1491), дзеяч каталіцкай царквы. Паходзіў з шляхецкага роду. У 1450 паступіў у Кракаўскі ун-т, дзе атрымаў ступень бакалаўра. У 1459 уступіў у Кракаве ў ордэн бернардзінцаў. У 1467—69 першы кіраўнік Польскай правінцыі ордэна бернардзінцаў (да гэтага часу польскія землі ўваходзілі ў склад Аўстрыйска-Чэшска-Польскай правінцыі), пасля займаў гэтую ж пасаду ў 1479—82 і 1484—87. Шмат зрабіў для развіцця бернардзінскага ордэна ў Польшчы і ВКЛ. Пры ім былі заснаваны кляштары бернардзінцаў у Вільні і Коўне. Задумай М. з Я. была т.зв. Усходняя місія, якая прадугледжвала негвалтоўнае далучэнне да каталіцкага касцёла праваслаўных, волахаў і татараў ВКЛ, нехрышчаных яшчэ літоўцаў; пры гэтым ад праваслаўных не патрабавалася паўторнага хрышчэння. У Рыме М. з Я. дамогся прывілеяў для місіі ад папаў Сікста IV (1481) і Інакенція VІІІ. З 1487 жыў у Вільні і займаўся справамі місіі, якая працягвалася і пасля яго смерці. Дзякуючы яго намаганням у 1490 заснаваны бернардынскі кляштар у Полацку, дзе, як мяркуецца, быў хрышчаны і вучыўся Францыск Скарына. М. з Я. напісаў вершаванае тлумачэнне бернардзінскіх правілаў, інш. вершы, сабраныя ў 1529 бернардзінцам Паўлам з Вангроўца (рукапіс загінуў у Варшаве ў 1944). Дзейнасць М. з Я. заклала падмурак росквіту закона бернардзінцаў у ВКЛ.

Літаратура:

Kantak K. Bernardyni polscy. Т. 1. Lwów, 1933;

Флоря Б.Н. Попытка осуществления церковной унии в Великом княжестве Литовском в последней четверти XV—начале XVI века // Славяне и их соседи. М., 1999. Вып. 7.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.