Артыкулы: Маскевiч Самуiл Iванавiч
Маскевiч Самуiл Iванавiч (1580?, в. Сэрвач Новагародскага пав.—1642), вайсковы i грамадскi дзеяч, пiсьменнiк-мемуарыст. З бел. шляхецкага роду герба «Адравонж». Вызнаваў кальвiнiзм. Адукацыю атрымаў, вiдаць, у Навагрудскім калегіуме. У 1601 у складзе харугвы Г.Войны ваяваў са шведамi ў Iнфлянтах. У 1605—06 пры двары А.Вiшнявецкай у Брагiне. Пасля на вайсковай службе на Падоллi, змагаўся супраць Сандамiрскай канфедэрацыi. Як паручнiк гусарскай харугвы ўдзельнiчаў у вайне Рэчы Паспалiтай з Расiяй 1609—18, ва ўзяццi Смаленска, Рослава, бiтве пад Клушынам, баях у Маскве. З 1615 служыў у клецкага ардыната Я.А.Радзівіла, сыноў М.К.Радзівіла Сіроткі, польнага гетмана ВКЛ К.Радзівіла. У 1617 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ, з 1628 новагародскi гродскi пiсар. Пасля стаў прыхiльнiкам Сапегаў, iмi прызначаны новагародскiм падваяводам (пасля 1632—38?). Багатыя ваенна-палiт. ўражаннi ляглi ў аснову яго дыярыуша (дзённiк i мемуары на польскай мове), якi ахоплiвае падзеi 1594—1621. Апiсанне падзей 1594—1604 мае характар кароткіх дзённiкавых запiсаў, пазнейшага часу — больш разгорнутае i эмацыянальна насычанае. М. імкнуўся аднолькава аб’ектыўна паказаць i сяброў, i ворагаў. Падрабязна апiсаў аблогу Смаленска, адзначыў мужнасць абаронцаў горада на чале з ваяводам М.Шэiным. Прааналiзаваны дзеяннi розных баярскiх груповак у Расіі, iх узаемаадносiны і дзеяннi супраць войск Рэчы Паспалітай. Падрабязна апiсаны побыт баяр, майстэрства маскоўскiх рамеснiкаў, жыццё рас. сялян. М. быў цярпімым у адносiнах да іншых канфесій; гіст. падзеi імкнуўся апiсаць аб’ектыўна, без палiт. i рэлiг. прадузятасцi.
Творы:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów. Wrocław, 1961;
Рус. пер. — Сказания современников о Дмитрии Самозванце. Ч. 5. Записки Маскевича. СПб., 1834.
Лiтаратура:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 212—215.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


