Артыкулы: медніцтва

медніцтва, тэхніка вырабу гаспадарчых і мастацкіх рэчаў з медзі. Вядома ў на тэрыторыі Беларусі і Літвы вядома з часоў бронзавага веку. У Старажытнай Русі М. дасягнула ўзроўню рамяства. У ВКЛ атрымала росквіт у 16—18 ст. У многіх гарадах і мястэчках ВКЛ (Вільня, Віцебск, Гародня, Капыль, Пінск, Дзісна, Мір і інш.) працавалі майстры-меднікі і катляры, якія з прывазной ліставой медзі выраблялі разнастайны літургічны і гаспадарчы посуд: тазы, падносы, чайнікі, кварты, чашы, каўшы, блюды, кубкі і інш. Пры вырабе медных рэчаў выкарыстоўваліся разнастайныя прыёмы: выкалатка, паліроўка, паянне, чаканка, гравіраванне і інш. Вял. памераў тазы, падносы, жароўні выцягваліся з аднаго кавалка медзі. Пасудзіны больш складаных форм выраблялі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Рамеснікі, якія займаліся вырабам меднага посуду, у крыніцанах называліся катляры, кацельнікі. Рахунак кацельніка 1791 з г. Клецк адзначае наступную працу: луджэнне і папраўка каструлі, сагана, французскіх саганкоў, тартоўні, ванначак, лыжак, падставак, блях, пякарскіх форм, кафейніка, кацялкоў для вады, пастаўка медных латак на кацёл, выраб з вял. бляхі некалькіх малых, папраўка друшляка, выраб меднай накрыўкі для кацялка. Адзін з першых віленскіх рамесных цэхаў — кавалёў, катляроў і слесараў, узнік у 1516. У Гародні ў 1570 Стафан Баторый заснаваў супольны цэх металістаў, у які ўваходзілі і катляры (вядомы тут з 1561). Пасля яны ўтварылі асобны цэх, у 1659 упамінаецца катлярскі цэхмістр Мальхер Пятровіч. З канца 17 ст. ў горадзе зноў існаваў аб’яднаны цэх металістаў. Аб’яднаны цэх металістаў Менска, у які ўвайшлі катляры (меднікі), зарэгістраваў свой статут у 1591. Магілёўскі цэх металістаў, што ўзнік у 1614, аб’ядноваў мечнікаў, кавалёў, слесараў і катляроў. У гэтым горадзе названы і майстры-меднікі, якія ў 1635 разам з канвісарамі і бляхарамі далучаны да цэха злотнікаў і сярэбранікаў, а ў 1650 выйшлі з яго, утварыўшы, зноў жа з канвісарамі і бляхарамі асобны цэх. У сярэдзіне 17 ст. бел. майстры (Ф.Мікулаеў, М.Сямёнаў і інш.) працавалі ў Расіі, дзе выраблялі для маскоўскіх храмаў і царскага двара царкоўнае і гаспадарчае начынне.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.