Артыкулы: Меер (Маер) Юзаф

Меер (Маер) Юзаф (свецкае Францішак; 8.10.1743—пасля 1812), педагог, публіцыст, удзельнік паўстання 1794. З шляхецкага роду інфлянцкага паходжання, які жыў у Троцкім ваяводстве. У 1759 уступіў у ордэн піяраў, вучыўся ў Жэшаве і Міжрэччы Карэцкім, выкладаў у піярскіх навучальных установах у Польшчы. У сярэдзіне 1760-х пакінуў ордэн. Жыў у Германіі і Францыі. З 1785 пробашч у мястэчку Доўгі ў Троцкім пав. (у 1787—88 і 1793—94 жыў у Варшаве). З 1771 публікаваў у варшаўскім друку працы па паліт. і эканамічных пытаннях. Знаходзіўся пад уплывам французскіх фізіякратаў. Выдаваў часопіс «Бібліятэка фізіка-эканамічная, што навучае і забаўляе» («Biblioteka Fizyko-Ekonomiczna Nauczająca i Bawiąca», 1788, пераклад з французскай), напісаў брашуру «Думкі пра стварэнне Нацыянальанга банка» («Myśl do utworzenia Banku Narodowego», Варшава, 1788). Падтрымаў прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791. У Варшаве ў 1792—94 трымаў з дазволу Адукацыйнай камісіі пансіён для шляхецкіх дзяцей. Пераклаў для Нац. тэатра 2 п’есы Аўгуста Фрыдрыха Кацэбу. У пач. 1794 у арэндаванай друкарне выдаваў часопіс «Дзеннік універсальны» («Dziennik Uniwersalny»), прысвечаны маральным, паліт., эканамічным праблемам, быў адным з рэдактараў газеты «Корэспондэнт варшавскі» («Korespondent Warszawski»). Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, у час якога выдаваў радыкальную газету «Газэта варшавска» [(«Gazeta Warszawska»), пазней — «Газэта обыватэльска» («Gazeta Obywatelska»), «Газэта обыватэльска і патріотычна варшавска» («Gazeta Obywatelska i Patriotyczna Warszawska»)], часопіс «Дзеннік повстаня народу» («Dziennik Powstania Narodu»), універсалы Тадэвуша Касцюшкі, паўстанцкія песні і вершы. Пасля задушэння паўстання ў эміграцыі ў Парыжу. Прыкладна з 1806 жыў у Варшаўскім княстве.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.