Артыкулы: Межаеўскі Юзаф Войцех
Межаеўскі Юзаф Войцех (?—пасля 1799), дзяржаўны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Шаліга». З маладосці належаў да кліентаў Браніцкіх, пасля — пародненых з імі Сапегаў. Выконваў ролю бацькі для асірацелага Казіміра Нестара Сапегі. Належаў да бліжэйшага атачэння кароннага гетмана Францішка Ксаверыя Браніцкага і меў на яго дужы ўплыў. Дзякуючы падтрымцы магнатаў у першая гады панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага М. зрабіў паліт. кар’еру. Суддзя каронага маршалкоўскага суда ў 1766—74, падольскі войскі з 1769, чашнік з 1772, стражнік польны каронны з 1774. З сярэдзіны 1770-х г. у апазіцыі да караля. З 1775 член Вайсковай камісіі. У 1778—82 уваходзіў у Пастаянную Раду (член Ваеннага дэпартамента). Пасол на соймы 1778, 1784, Чатырохгадовы сойм 1788—92 (бараніў на ім інтарэсы Браніцкага, «шляхецкія вольнасці», выступіў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791). Адыграў важную ролю ў стварэнні Таргавіцкай кафедэрацыі, але ў сувязі з разыходжаннем Браніцкага і Сапегі адышоў ад паліт. дзейнасці, застаўшыся прыхільнікам Сапегі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) жыў у Галіцыі і Вене. З 1778 трымаў Славатцкі маёнтак у Берасцейскім ваяв. (уласнасць Радзівілаў), у 1782 купіў у Сапегі маёнтак Мутвічы на Палессі. Вёў вял. гаспадарку, гандляваў збожам на Балтыцы, выступаў за развіццё чорнамарскага гандлю (на сойме 1784 унёс праект закона «Усходні гандаль»).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


