Артыкулы: міліцыя

міліцыя (ад лац. mіlіtіa войска, ваенная служба, вайна),

1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Вяла паходжанне ад гар. дружын Стараж. Русі. Прызначалася для абароны горада пры аблозе. Пытанні арганізацыі, кіравання і забеспячэння М. вырашаліся гар. магістратам і войтам. Кожны мешчанін быў абавязаны мець зброю і быў запісаны ў пэўную сотню, якой выдзяляўся для абароны пэўны ўчастак гар. умацаванняў. Сотні падзяляліся на дзесяткі, а ў буйных гарадах зводзіліся ў палкі. Напр., у Слуцку ў 1655 было 18 соцень (4 палкі, 1800 чал.); у Копысі ў 1635 — 5 соцень, у Шклове ў 1643 — 11 соцень. Часам гар. М. мела артылерыю і кавалерыю (гл. Конныя мяшчане). У мірны час М. несла варту на гар. брамах, пажарную ахову, выкарыстоўвалася ў фіскальных мэтах (збірала падаткі і паборы). Рэгулярна (звычайна штогод) праводзіліся перапісы (попісы) гар. М., часта пры гэтым арганізоўваліся спаборніцтвы па стральбе і ваен. вучэнні.

2) Прыватнае войска магнатаў у Рэчы Паспалітай у 18 ст. Узнікла ў сувязі з крызісам цэнтр. улады ў дзяржаве. Стваралася з сялян, мяшчан, выбранцаў, зямян, шляхты. Так, Г.Ф.Радзівіл на аснове гарнізонаў Белай, Слуцка і кавалерыі стварыў уласную М., якая ў 1753 налічвала 1854 чал. Слуцкі гарнізон М. складаўся са штаба, артылерыі, роты мушкецёраў, 4 пяхотных рот, янычарскай харугвы, роты выбранцаў (да 700 чал.). У 1719 М.К.Радзівіл стварыў уласную М., якая ў 1754 у 18 гарнізонах у розных маёнтках налічвала 234 чал. Яго сын К.С.Радзівіл Пане Каханку павялічыў М. да 2130 чал. (1789). Для радзівілаўскай М. былі складзены статуты — «Артыкулы вайсковыя», для падрыхтоўкі камандзіраў адчынены Нясвіжскі кадэцкі корпус. У мірны час М. выконваланекаторыя гаспадарчыя задачы: ахова княжацкіх палацаў, гаспадарчых аб’ектаў, грузаў, дастаўка пошты, арганізацыя палявання, падтрымка грамадскага парадку. М. кн. Г.Ф.Радзівіла ўдзельнічала ў задушэнні Крычаўскага паўстання 1743—44, у баях на баку Барскай канфедэрацыі (пад Нясвіжам у 1768, пад Беластокам у 1769). У 1791 радзівілаўская М. ўключана ў войска ВКЛ як 8-ы рэгімент (полк).

Літаратура:

Lech M.J. Mіlіcje Radzіwіłłów jako oręż feudałów w walce z ruchamі chłopskіmі na Bіałorusі і Lіtwіe // Rocznіk Bіałostockі. Bіałystok, 1962. T. 3;

Hryckіewіcz A. Mіlіcja mіast magnackіch na Bіałorusі і Lіtwіe w XVІ—XVІІІ w. // Kwartalnіk hіstoryczny. 1970. № 1;

Pasztor M. Mіlіcje magnackіe Radzіwіłłów: Mіchała Kazіmіerza «Rybeńkі» і Karola Stanіsława «Panіe Kochanku» — skład, organіzacja, funkcje // Trudne stulecіa: Studіa z dzіejów XVІІ і XVІІІ wіeku. Warszawa, 1994.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.