Артыкулы: Мінвіды

Мінвіды, дзеячы кальвінісцкай царквы. Паходзілі з Жамойці з шляхецкага роду герба «Касцеша» змененая.

Станіслаў (?—1618), кальвінскі міністр у радзівілаўскім мястэчку Новае Места ў Жамойці. У 1595 як кальвінісцкі міністр упіцкі ўдзельнічаў у генеральным сінодзе ў Торуні. Пасля суперінтэндэнт Завілейскага дыстрыкту кальвінісцкай царквы.

Ян (каля 1582, мяст. Новае Места—1638), сын Станіслава. У 1595 паступіў у Каралявецкі ун-т. Прыкладна з 1611 міністр кальвінскага збора ў Віжунах, пры якім трымаў школу. У 1612, 1613 і 1614 пісар на правінцыяльных сінодах кальвінісцкай царквы ВКЛ. Сінод 1617 даручыў Яну верыфікацыю польскага перакладу «Асноў хрысціянскай веры» Кальвіна, зробленага Янам Чыжом. У 1618 удзельнічаў у камісіі па праверцы катэхізіса Яна Зыгровіуша. Ян знаходзіўся у блізкіх адносінах з гетманам Крыштофам Радзівілам, выконваў яго гаспадарчыя і адміністрацыйныя даручэнні. З 1623 міністр збора ў Святых Азёрах, з 1624 суперінтэндэнт кальвінскіх збораў Падляшша. На сінодзе 1625 Ян прызначаны суперінтэндэнтам Жамойцкага дыстрыкта кальвінісцкай царквы, адначасова быў міністрам у Новым Месце. З 1626 суперінтэндэнт Завілейскага дыстрыкту.

Самуэль (1602—пасля 1654), сын Яна. З 1625 катэхіст у Кейданах, з 1628 кальвінісцкі міністр на двары гетмана Крыштофа Радзівіла, з 1632 міністр у Сярэях. У 1630, 1632, 1634 і 1636 пісар на правінцыяльных сінодах кальвінісцкай царквы ВКЛ. Як дэлегат ад ВКЛ удзельнічаў у генеральнай канвакацыі кальвіністаў ва Уладаве. У 1636 візітатар Новагародскага і Завілейскага дыстрыктаў. У 1637 яму даручана апека над кальвінскімі зборамі Жамойцкага дыстрыкута. З 1638 суперінтэндэнт завілейскі. Прамовіў казанне пры пахаванні Радзівіла, якое пасля было надрукавана над назвай «Дарога агульная, гэта зачыць Казанне на выправаджэнне найвысакароднага цела...» («Droga powszechna, to jest Kazanie na wyprowadzenie przezacnego ciała...», Любча, 1641). Удзельнічаў у генеральных канвакацыях у Орлі ў 1639 і 1644. У 1651—53 апякун і візітатар Жамойцкага дыстрыкта. Дапамагаў Яну Бажымоўскаму ў складанні «Кнігі набажэнства хрысціянскага ў гонар адзінай Святой Тройцы» («Kniga Nabożnistes Krigscioniszkos Ant Garbos Diewny Traycey Szwentoy Wienatijam», Кейданы, 1653). У 1653 візітатар Кейданскай гімназіі.

Мікалай (?—1688), сын Самуэля. У 1661 выкладаў у Кейданскай кальвінісцкай школе. У 1663 пасланы на вучобу ў Лондан, дзе павінен быў пільнаваць друкаванне літ. перакладу Новага Запавету, ухваленага літ. тэолагамі замест перакладу Багуслава Самуэля Хілінскага. У 1664—67 міністр кальвінскага збору ў Расейнах, пасля — збораў у Кейданах і Новым Месце, з 1671 консеньёр жамойцкі, з 1673 суперінтэндэнт жамойцкі, з 1679 суперінтэндэнт завілейскі. У 1680 правінцыйны сінод даручыў Мікалаю ўдзел у камісіі па праверцы літ. перакладу Бібліі. Па яго ініцыятыве сінод прыняў рашэнне перавыдаць літ. «Канцыянал» і «Агенду» ў Караляўцы. У 1681 зноў пасланы ў Лондан для друкавання новага выдання літ. Бібліі. Яму былі даны паўнамоцтвы на пераклад, карэктуру і друкаванне Бібліі, аднак з-за фінансавых цяжкасцей выданне не было ажыццёўлена. Ад брадэнбургскага курфюрста Фрадрыха Вільгельма Мікалай дамогся 6 месцаў у Берлінскай гімназіі і Франкфурцкім ун-це для выхадцаў з ВКЛ, а таксама 3 месца ў Марбургу і Гейдэльбергу. Падтрымліваў шчыльныя кантакты з Людвікай Каралінай Радзівіл, якая актыўна дапамагала кальвіністам ВКЛ.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.