Артыкулы: Мінгайла
Мінгайла, легендарны вялікі князь новагародскі і полацкі. Паводле бел.-літ. летапісаў, быў сынам новагародскага князя Скірманат (або Эрдзівіла), княжыў пасля смерці бацькі ў Новагародку і «на многых руских городех». Арганізаваў ваенны паход на Полацк, у час якога бітва з полацкім войскам адбылася каля г. Гарадзец (лакалізацыя невядома, паводле адной з версій, знаходзіўся каля сучаснай в. Гарадок Маладзечанскага р-на). У «вял. бітве» перамог М., які спаліў Гарадзец, захапіў Полацк і зрабіўся вял. князем полацкім. Кнажыў шмат гадоў і пакінуў сыноў Шварна (Скірманта) і Гінвіла. У Альшэўскім летапісу М. дано хрысціянскае імя Міхаіл.У легендзе пра М. адлюстравана ўстанаўленне ўлады літ. князёў у Полацку. Існаванне М. не пацвярджаецца інш. гіст. крыніцамі, аднак некаторыя некрытычныя гісторыкі 19 ст. (Т.Нарбут) і 20 ст. прызнавалі яго сапраўднасць. Магчыма, імя М. ўтворана ад імя літ. баярына канца 14—пач. 15 ст. Мінігайлы (Міхала).
Літаратура:
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


