Артыкулы: Мінскі царкоўна-археалагічны музей
Мінскі царкоўна-археалагічны музей, навукова-асветная ўстанова. Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. Экспазіцыя мела 1363 экспанатаў (1910), сярод іх рэчы царкоўнай даўніны, рэлігійнага культу, тэксты народнах песень, паданняў, матэрыялы этнаграфічных экспедыцый, выявы гербаў і пячатак, каля 500 манет, археалагічныя знаходкі з раскопак у Пінску, Радашковічах, Слуцку, Тураве. У кніжным зборы каля 1900 тамоў (1910), у т.л. рукапісныя кнігі: Слуцкае Евангелле 16 ст., «Тыпікон» 16 ст., «Апостал» 16 ст., «Мінея агульная» канца 17 ст., «Сінопсіс» 18 ст., а таксама архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музей паступіла частка калекцыі археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусветнай вайны экспанаты вывезены ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фондаў і 250 кніг трапілі ў Бел. дзярж. музей, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены Дзярж. бібліятэцы, некаторыя архіўныя матэрыялы — Цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т.л. рукапісы, знаходзяцца ў Бел. нац. музеі гісторыі і культуры.
Літаратура:
Гужалоўскі А.А. Нараджэнне беларускага музея. Мінск, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


