Артыкулы: Мір

Мір (цяпер гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Новагародскім пав., на р. Міранка. Упершыню ўпамінаецца пад час крыжацкага нападу 1395 на землі Верхняга Панямоння. У 1434 вял. князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падараваў М. Сеньку Гедыгольдавічу (гл. ў арт. Гедыгольд). З-за адсутнасці ў апошняга нашчадкаў мужскога полу М. па жаночай лініі перайшоў да Івана Ільініча (ён быў жанаты з сястрой Мілохны — жонкі Сенькі Гедыгольдавіча). Юрый Іванавіч Ільініч у пач. 16 ст. пабудаваў Мірскі замак. М. быў цэнтрам буйнога маёнтка Ільнічаў — Мірскага графства (графскі тытул Ільінічы атрымалі ў 1553 ад імператара Фердынанда І). Апошні прадстаўнік роду Ільінічаў Юрый (памёр у 1569) завяшчаў Мір свайму стрыечнаму брату Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротцы. Апошні 27.12.1579 прадаставіў М. права на самакіраванне, у 1585 заснаваў Мірскі Мікалаеўскі касцёл, а ў 1595 — Мірскую Троіцкую царкву. З пач. 16 ст. ў М. вядома правасл. царква. Мірскае графства належала Радзівілам — нясвіжскім ардынатам. Відаць, у канцы 16 ст. М. абведзены земляным валам, у горад вялі праходы праз 4 мураваныя брамы: Віленскую, Слонімскую, Менскую, Нясвіжскую. У 1-й пал. 17 ст. ў М. значнае развіццё атрымалі рамёствы (у дакументах 1600—26 названы рамеснікі 18 прафесій). Мястэчка разбурана ў 1655 у час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67. Пасля ў 1655 М. і Мірскі замак захоплены шведамі, якім садзейнічаў Багуслаў Радзівіл. У пач. 1656 М. і замак захапіла ўрадавае войска ВКЛ пад камандаваннем Самуэля Аскеркі. У канцы 17 ст. ў М. 478 двароў, рамеснікі 49 спецыяльнасцей, 4 рамесныя цэхі. Мястэчка пацярпела ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21. У 1705 пры Троіцкай царкве Кароль Станіслаў Радзівіл заснаваў базыльянскі кляштар. У 1-й пал. 18 ст. Радзівілы заснавалі ў М. палатняныя, суконныя і ткацкія (па вырабе дываноў і габеленаў) майстэрні. З 16 ст. ў М. жылі татары і яўрэі, з 2-й пал. 17 ст. — цыганы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай пад М. 10—11.6.1792 адбыліся баі войска ВКЛ на чале з Юзафам Юдзіцкім з рас. арміяй. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Modelski T.E. Przywilej na starszeństwo cygańskie z r. 1703 // Ateneum Wileńskie. 1929. R. 6. Z. 3—4;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (социально-экономическое исследование истории городов). Минск, 1975;

Гурин М.Ф. Мир: Историко-экономический очерк. Минск, 1985;

Бубноўскі Д.С. Гісторыя горадабудаўнічага развіцця г.п. Мір // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Мінск, 1989;

Tyszkiewicz J. Tatarzy na Litwie i w Polsce: Studia z dziejów XIII—XVIII w. Warszawa, 1989;

Краўцэвіч А.К., Якшук Г.М. Стары Мір. Мінск, 1993;

Здановіч Н.І., Краўцэвіч А.К., Трусаў А.А. Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка. Мінск, 1994;

Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998;

Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Мінск, 2006.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.