Артыкулы: Мірскія (Святаполкі-Мірскія)
Мірскія, Святаполкі-Мірскія, шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас. імперыі. Прозвішча паходзіць ад мяст. Мёры. Вядомы з сярэдзіны 16 ст. ў Браслаўскім павеце. Андрэй М. жыў каля 1550, меў сына Рыгора, падкаморыя браслаўскага, і ўнукаў Івана, Рыгора, Сымона, Луку і Абрама. Іван і Абрам сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду. У 18 ст. ўзнікла легенда, што род паходзіць ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль прыдомак). Лічылі сябе аднаго паходжання з князямі Святаполк-Чацвярцінскімі і стараж. ўладальнікамі мяст. Мір, на што не было ніякіх дакументальных падстаў. Княжацкі тытул зацверджаны Сенатам Польскага каралеўства ў 1821, у Рас. імперыі — імператарам у 1861. Найб. вядомыя:
Себасцьян (?—пасля 1641), сын Рыгора Рыгоравіча, суддзі земскага браслаўскага. Суддзя земскі; да 1633 перадаў участак зямлі Полацкаму Богаяўленскаму манастыру, у 1641 выдаў фундуш касцёлу ў Мёрах, у 1644 заснаваў там правасл. мужчынскі манастыр. Яго сын Крыштоф быў падкаморым браслаўскім і дэпутатам Скарбовага трыбунала ВКЛ у 1658 і 1678.
Рыгор (?—20.3.1661), сын Лукі Рыгоравіча. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў (быў у палоне), у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У час паходу на туркаў у 1620 або 1621 зноў трапіў у палон, выкуплены ўрадам. У 1625 на чале 10 харугваў адваяваў у шведаў Мітаву. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 рабіў рэйды ў глыб Расіі. З 1635 на новастворанай пасадзе стражніка ВКЛ. У 1648 рушыў з войскам на занятую казакамі Рэчыцу, але ў час пераправы цераз Бярэзіну разбіты атрадам І.Гаркушы пад Горвалем. У кастр. 1648 рушыў на Пінск, заняты казакамі А.Нябабы, злучыўся пад горадам з атрадам пінскага маршалка Л.Ельскага, які паводле загаду Мірскага няўдала штурмаваў горад 5 кастрычніка. У час 2-га штурму 9 кастр. захапіў Пінск, дзе загінула шмат гараджан і казакоў, у т.л. Нябаба. У студз. 1649 злучыўся пад Нобелем з асн. сіламі гетмана Я.Радзівіла і стаў яго гал. памочнікам. У лют. 1649 камандаваў калонай пры аблозе Бабруйска (гл. Бабруйска абарона 1649). У ліп. 1649 разбіў пад Рэчыцай атрад Я.Галавацкага. Удзельнічаў у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскую унію 1655, за што аб’яўлены здраднікам і пазбаўлены пасад (амнісціраваны ў 1658). З пачаткам антышведскага паўстання ў Жамойці ў 1655 выехаў у Слуцк, дзе і памёр. Вызнаваў кальвінізм.
Юзаф Антоні (?—пасля 1736), сын Казіміра. Браслаўскі харужы ў 1710—17 і маршалак з 1718, пасол на соймы 1717—36.
Тамаш (1738—пасля 1793), сын Цыпрыяна. Паручнік польнай булавы ВКЛ, пасол на сойм 1764, удзельнічаў у абранні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1766 генерал-ад’ютант польнай булавы ВКЛ. У 1769 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, быў абраны маршалкам Браслаўскага пав. 11.6.1770 прысягнуў у Прэшаве Найвышэйшай радзе канфедэрацыі і ўключаны ў склад Ваеннай рады. Падтрымаў план вызвалення з рас. палону сенатараў і вярнуўся ў ВКЛ, дзе 22.7.1771 зноў абраны браслаўскім маршалкам, удзельнічаў у партызанскім руху. Летам—восенню 1771 удзельнічаў у дыверсійным рэйдзе Ш.Касакоўскага па цэнтр. і паўн. Беларусі, зімой—вясной 1772 — з ім жа ў Польшчы. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1789—92.
Багуслаў (?—пасля 1800), брат Тамаша. З 1775 войскі браслаўскі, з 1777 падкаморы. Пасол на соймы 1776—86, Чатырохгадовы сойм 1788—92. Належаў да кола рэфарматараў, «Згуртавання сяброў урадавай уставы», з 1791 у складзе камісіі па выпрацоўцы крымінальнага і цывільнага кодэкса для ВКЛ. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскім пав. 30.5.1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літоўскай рады, 2.8.1794 — у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве. Лёс пасля паўстання невядомы.
Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага пав.—1805), брат Тамаша. Пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на соймы 1784, 1788. Належаў да рэфарматараў, «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794. 2.4.1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літоўскай рады, пасля яе роспуску 1.6.1794 прызначаны Т.Касцюшкам чл. Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага, узначальваў яе Аддзел справядлівасці. Пасля здачы Вільні ў жн. 1794 выехаў у Гародню, потым у эміграцыі, вярнуўся ў час амністыі паўстанцам Паўла І.
Літаратура:
ШаландаА., КрайневаІ. «Дыярыуш» XVІІ ст. Грыгора Мірскага, стражніка Вялікага княства Літоўскага // Герольд Lіtherland. 2001. № 1—2;
Lіedkіe M. Szlachta ruska Wіelkіego Ksіęstwa Lіtewskіego a reformacja Część І: recepcja nowych konfesjі // Bіałoruskіe zeszyty hіstoryczne. 2002. Z. 18.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


